Бжэзіньскі лічыў, што Беларусь паверне на Захад


Збігнеў Бжэзіньскі быў дарадцам прэзідэнта Джымі Картэра. Найбольш уплывовы эксперт у замежнай палітыцы ЗША. Адзін з яскравых ідэолагаў у змаганні з савецкаю экспансіяй. А таксама – крытык агрэсіі Расеі. Памёр Збігнеў Бжэзіньскі. Яму было 89 гадоў. Пра значэнне ягонай асобы ў міжнародным жыцці – Сяргей Падсасонны.

Збігнеў Бжэзіньскі памёр 26 траўня на  90-ым годзе жыцця ў шпіталі ў Вірджыніі.

Прафесар Бжэзіньскі абараніў дысертацыю ў Гарвардзе па гісторыі савецкага таталітарызму. Усё жыццё выбудоўваў замежную палітыку ЗША ў супрацьстаянні СССР, а потым і агрэсіі сучаснае Расеі ў асобе Уладзіміра Пуціна. Зыніцыяваў дапамогу маджахедам у часе вайны ў Афганістане, каб аслабіць Маскву. Наладзіў кантакты з Пекінам. Гаварыў пра неабходнасць уцягвання краінаў савецкага блоку ў НАТО. І гэта толькі кропля ў акіяне зробленага.

Ён прадказаў яшчэ ў 89-ым годзе, што будзе распад Савецкага Саюзу, ён прадказаў, што Украіна – вузлавы пункт геапалітычнага пазіцыянавання Расеі. Без Украіны Расея ўжо не імперыя», – кажа палітолаг Валер Карбалевіч.

Сувязь Бжэзіньскага з нашым рэгіёнам невыпадковая. Ён нарадзіўся ў Варшаве ў сям’і дыпламата. Але разам з бацькамі эміграваў. У ЗША ён стаў дарадцам у нацыянальнай бяспецы прэзідэнта Джымі Картэра (1977–1981), мэтрам паліталогіі, лаўрэатам шматлікіх узнагародаў, у тым ліку – прэзідэнцкага медаля свабоды.

«Ён быў важнаю часткаю нашага жыцця больш за чатыры дзесяцігоддзі, а таксама быў знакамітым дзяржаўным службоўцам», – напісаў Картэр сёння на старонцы свайго цэнтру.

Ён імкнуўся будаваць новую цэнтральную Еўропу. Галоўнай яе сённяшняй пагрозай бачыў Турцыю і Расею. Для ўмацавання новага парадку ў свеце сярод задачаў называў прыняцце Беларусі ды Украіны ў Еўразвяз, але і зазначаў, што рэжым у нашай краіне больш жорсткі. Заўважаў, што пасля шматгадовага расейскага вектару Менск пайшоў на збліжэнне з Захадам.

Валер Карбалевіч лічыць, што Бжэзіньскі заўважыў гэтага і зрабіў выснову, што, «магчыма, Беларусь увогуле паверне на Захад, будзе шукаць нейкую змену цывілізацыйнае арыентацыі, геапалітычнае арыентацыі».

Гэта толькі прагноз, які, магчыма, некалі стане гістарычным фактам. Як пакуль, бясспрэчна, значным гістарычным фактам і асобай стаў сам Збігнеў Бжэзіньскі.

Сяргей Падсасонны