Бюджэт Беларусі ратуюць апазіцыянеры і журналісты


Мітынгі з патрабаваннямі палепшыць жыццёвыя ўмовы працоўных прайшлі ў розных гарадах Беларусі 1-га траўня.

Рэпрэсіі ж за пратэставы Першамай трываюць дагэтуль

Сёння на 40 базавых велічыняў, то бок на Br 920, аштрафавалі старшыню руху «За свабоду» Юрася Губарэвіча.

«Лукашэнка папаўняе, як і раней, казну за кошт штрафаў не толькі з палітычнай апазіцыі, але і з любых грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, якія трапляюць пад суды або чыноўніцкі каток. Трэба выціскаць грошы ў дзіравы бюджэт. Адзінае месца, дзе ўлады могуць іх узяць – гэта кішэні нашых грамадзянаў», – крытыкуе спадар Губарэвіч.

Br 460 штрафу – за першатравеньскую акцыю на Кастрычніцкай плошчы ў Менску мусіць сплаціць грамадская актывістка Марына Адамовіч. На 10 базавых велічыняў, або Br 230, аштрафавалі праваабаронцу Валерыя Шчукіна. На такую ж суму аштрафавалі і сябра Партыі БНФ Андрэя Церашкова. Падчас судовага працэсу над ім сведкі-міліцыянты вучылі адзін аднаго, што казаць, даючы паказанні.

«Звычайна мы ўсе сядзім у залі суда, а тут першы раз апынуліся па-за межамі. Вельмі выглядала красамоўна, калі выходзіць адзін з гэтых сведкаў ловіць другога, заводзіць яго ў куток і пачынае накачваць вось гэтымі пытаннямі, якія яму распавядалі. Праінструктаваў, і тады толькі адправіў», – сведчыць Зміцер Салошкін, адказны сакратар партыі БНФ.

Чарговы раз ціск зазналі журналісты, што супрацоўнічаюць з «Белсатам»

Фрылансэра Андрэя Толчына суд Цэнтральнага раёну Гомля паспрабаваў двойчы прыцягнуць да адказнасці ў адной і той жа справе.

Журналістцы Ларысе Шчыраковай за стрым з першамайскага мітынгу ў Гомлі далі штраф памерам Br 805 – то бок 35 базавых велічыняў.

«Я лічу, што гэты суд і гэты штраф – гэта проста тупая помста ўлады за тое, што я паказваю праўду, за тое, што я асвятляю сацыяльна вострыя тэмы. Вы бачылі на стрымах, што я не падбухторваю людзей, што людзі самі казалі, што правы працоўных не абаронены», – зазначыла спадарыня Шчыракова.

На гэтым судовы канвеер не спыняецца

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», на ўдзельнікаў акцыяў 1-га траўня агулам склалі каля 20-ці пратаколаў.

Юлія Лабанава, «Белсат»