Аб'ектыў 18.06.2018 Былы следчы: Сёння можна адправіць у турму практычна любое міністэрства, а не толькі Міністэрства аховы здароўя


Новы тыдзень – новыя карупцыйныя справы. Камітэт дзяржбяспекі правёў найбуйнейшую антыкарупцыйную аперацыю і выявіў, што не ўсё добра Міністэрстве аховы здароўя. Чыноўнікі нажываюцца на мудрагелістых карупцыйных схемах, крышуюць іх сілавікі, а за ўсё гэта плацяць беларусы.

Праз тры тыдні адзначым 24-годдзе як Лукашэнка стаў прэзідэнтам, яшчэ болей гадоў – ягонай барацьбе з карупцыяй. За чвэрць стагоддзя пры нібыта няспынным змаганні яна не толькі не знікла, а расквітнела. Бо як інакш назваць цэлыя серыі выкрывальных карупцыйных справаў? Карупцыянераў, як выяўляецца, у краіне не адзінкі, а цэлыя кланы.

«Іх і будзе шмат чыноўнікаў-карупцыянераў. Чаму? Таму што ўся гэтая сістэма ўлады пабудаваная на карупцыі. Сёння можна садзіць практычна любое міністэрства», – кажа праваабаронца і былы следчы Алег Волчак.

Дайшла чарга да Міністэрства аховы здароўя: сёння там затрымалі больш за дзясятак чыноўнікаў, большасць з якіх з «Белмедтехніцы». Чыноўнікі з выгадаю для ўласных кішэняў праводзілі тэндары па закупах медтэхнікі. Стваралі так званую фірму-пракладку, якая накручвала цану і прадавала ў Беларусь з-за мяжы абсталяванне і прылады ўтрая даражэй, чым рынкавы кошт. Гэтак напрыклад рынкавы кошт пратэзу 1000 долараў, беларусы іх набываюць за 3000.

«Натуральна, гэтыя 2 тысячы дзеляцца паміж удзельнікамі гэтага працэсу. Гэта фірма-пракладка і чыноўнік з Міністэрства аховы здароўя, які гэта пакрывае», – кажа журналіст Алесь Залеўскі.

Вынікі карупцыйных схемаў мы бачым штодня ў аптэках.

«Калі мы знаходзімся ў краме ці аптэцы, то бачым, што лекі, якія ва Украіне каштуюць 12 руб, у нас – 22», – дадае Алесь Залеўскі.

Людзям пры гэтых схемах даводзіцца плаціць двойчы – спачатку падаткі, якія ідуць у кішэні чыноўнікаў, і за медпаслугі, бо грошай у Мінздраве няма: іх выдаткавалі нібыта на дарагое абсталяванне, а насамрэч забралі чыноўнікі.

Ці стане цяпер лепш, калі карупцыйныя схемы выкрытыя, а вінаватыя чыноўнікі звольненыя? Адмыслоўцы ў эфектыўнасць паказальных справаў не вераць.

«Гэта піяр. Што нельга было прасачыць гэтыя тэндары 5-7 год таму назад? Чым тады займаліся праваахоўныя органы? Цяпер садзяць па 10-20 чалавек. Хутка турмаў не хопіць. Вы паглядзіце – мытнікі сядзяць, мінздраў сядзіць, адукацыя сядзіць, банк, кіраўнікі «Беларусбанку» таксама практычна ўсе сядзяць», – адзначае Алег Волчак.

І цяперашні піяр, як і 24 гады таму, дасягае сваёй мэты: жыхары краіны барацьбу заўважаюць, чыноўнікаў крытыкуюць, а Лукашэнку хваляць.

Жыхары Магілёва:

«Прэзідэнт наш малойца, ён іх чотка трымае ў руках».

«Змагаюцца, бачна, заўважна стала».

«Бачу, што апошнім часам актывізавалася праца ў гэтым напрамку».

«Для папаўнення бюджэту змагаюцца: пасадзілі – заплацілі, адпусцілі – усё норм».

Чыноўнікі надалей папаўняюць кішэні, затое незаможныя людзі ведаюць, што ім адкупіцца не будзе чым.

«Баяцца людзі браць хабары. Я сама працую трэнерам, у нас гэта не прынята. Я ведаю, што і настаўнікі, у мяне дзіця ў школе вучыцца. На мытнях – я часта перасякаю мяжу РБ, ва ўсялякім разе з тым, дзе я маю дачыненне, не было бачна», – кажа жыхарка Магілёва.

Затое не баіцца той, хто гадамі змагаецца з карупцыяй. Хто ж падумае на галоўнага змагара, што ён галоўны карупцыянер?

Вольга Старасціна, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары