Былы міліцыянт паплаціўся за знявагу беларускай мовы


Васіль Варушчанка

Суд Навабеліцкага раёну Гомлю сёння прызнаў былога міліцыянта Васіля Варушчанку вінаватым у абразе беларускай мовы.

Паводле арт. 9.22 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях яму прысудзілі максімальны магчымы штраф – 230 рублёў (10 базавых велічыняў).

Суддзя Дзмітрый Казлоў на паседжанні патлумачыў, што такія паводзіны грамадзяніна Рэпублікі Беларусь недапушчальныя, асабліва ў інтэрнэце, дзе падобныя выказванні могуць прачытаць іншыя грамадзяне.

Васіль Варушчанка ў працэсе суду патлумачыў, што ў яго не было мэты абразіць «кагосьці ці нешта».

«Сваю віну прызнаю і раскайваюся. Прашу прабачэння ў таго, каго абразіў. У той момант, калі пісаў каментар, у прынцыпе ні пра што не думаў. Карацей, не было чаго рабіць», – сказаў правапарушальнік.

Суддзя ўдакладніў, у чым тады Варушчанка прызнае віну, калі не разумее, каго абразіў.

«Экспертыза вырашыла, што гэта абраза, і я не стану яе аспрэчваць, людзі больш у гэтым разбіраюцца», – адказаў падсудны.

Раней паведамлялася, што былы супрацоўнік дэпартаменту аховы МУС Васіль Варушчанка ў суполцы парталу «Сильные новости» у сацыяльнай сетцы «Вконтакте» пакінуў такі каментар:

«Беларуская мова – гэта труп, які разлагаецца і гніе, які ўжо даўно прыйшоў час закапаць паглыбей!»

Абразлівы каментар

Грамадскі актывіст Ігар Случак, ініцыятар кампаніі «Справаводства па-беларуску», накіраваў заяву ў Гомельскі гарвыканкам з просьбай прыцягнуць да адказнасці грамадзяніна, які абразіў беларускую мову.

Матэрыялы з гарвыканкаму былі перададзеныя на разгляд у адміністрацыю Навабеліцкага раёну. Пасля праверкі, праведзенай АУС, адміністрацыя раёну склала ў дачыненні да жыхара Гомлю пратакол паводле артыкулу 9.22 КаАП.

Каментар Варушчанкі быў накіраваны на экспертызу з пытаннем, ці можна лічыць такое выказванне абразлівым для беларускай мовы. Экспертыза праводзілася на кафедры рускай мовы Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Францыска Скарыны, і дадзеныя выказванні былі расцэненыя як абраза беларускай мовы.

Ігар Случак задаволены такім вынікам экспертызы.

«Спадзяюся, гэта будзе добрым урокам для тых, хто яшчэ не зразумеў, што меркаванне і абраза – зусім розныя рэчы, і абразаў не толькі беларускай мовы, але і ўвогуле стане менш», – адзначыў Случак.

Чытайце таксама:

НМ, belsat.eu, паводле БелаПАН, фотаздымак з сацыяльных сетак