Былы алкаголік дапамагае злезці з «іголкі»


Мястэчка Бягомль, што на Віцебшчыне. Два гады таму тут з’явіўся Цэнтр дапамогі залежным ад алкаголю і наркотыкаў «Светач». За гэты час праз установу прайшлі больш за 35 асобаў, блізу паловы працягваюць весці здаровы лад жыцця. Сярод іх – мянчук Ігар, які, прайшоўшы праграму рэабілітацыі, застаўся тут працаваць.

«У мяне было шмат ведаў: і псіхалагічных ведаў, і ведаў аб праблеме залежнасці. Але на сённяшні дзень разумею, што гэта быў мёртвы груз, бо я гэтымі ведамі ніяк не карыстаўся. Аднак тут вочы ў мяне адкрыліся, і я нешта пачаў рабіць», – кажа Ігар, працаўнік цэнтру «Светач».

Гэта першы Цэнтр у краіне, які створаны пры непасрэдным падтрыманні Рыма-каталіцкага Касцёлу. Працуе «Светач» пры парафіі Хрыста Валадара Сусвету. Кіруе Цэнтрам Уладзімір Шчэпін, які ў свой час таксама пакутаваў ад алкагольнай залежнасці.

«Гэта неад’емная частка выздараўлення: калі дапамагаеш іншым, то ў першую чаргу лекуешся сам. То бок, калі дзялюся сваім досведам, я падтрымліваю і сябе таксама. Чалавек, які атрымлівае ад мяне інфармацыю, сапраўды, можа раскрыцца, даверыцца, што безумоўна з’яўляецца неабходным складнікам выздараўлення», – мяркуе кіраўнік цэнтру «Светач» Уладзімір Шчэпін.

Са словаў Уладзіміра, мясцовыя ўлады вітаюць дзейнасць Цэнтру, але асноўная дапамога ў яго дзейнасці – гэта ініцыятыва добраахвотнікаў і Касцёлу.

«Сёння мы, вядома, вельмі цесна супрацоўнічаем з Каталіцкаю Царквой. Ад яе ідзе вялікая дапамога. Яны нам і аўтамабіль далі, каб мы маглі больш аператыўна і якасна распаўсюджваць інфармацыю», – дадае Уладзімір Шчэпін.

Праблема злоўжывання алкаголем у Беларусі актуальная, пра гэта кажуць не толькі адмыслоўцы, але і простыя беларусы, якія сутыкаюцца з праяваю п’янства ледзь ні штодня.

«Гэта, вядома, праблема сур’ёзная. За апошнія гадоў 15 вельмі моцна праблема алкагалізму ўзнялася, асабліва сярод моладзі».

«У рэгіёнах гэта больш актуальна. Узровень п’янства вялікі з прычыны нашай безвыходнасці, ад беспрацоўя, якое ў нас у краіне».

«Ёсць такое, а ўсё праз тое, што людзям няма чым заняцца».

«Гэта такі вядомы досвед і ў нас, і ва Украіне, і ў Расеі. Мы ўжо перайшлі пэўную мяжу дазволенага. Гэта не з’яўляецца проста так, а праз штосьці: шмат беспрацоўя, сацыяльных праблемаў».

«Мне падаецца, што пасля таго, як забаранілі выпіваць на дварэ, такой праблемы ўжо і няма. Усё гэта культурна і цывілізавана ў адпаведных установах: барах, пабах. Прынамсі ў мяне і маіх сяброў».

Паводле Сусветнай арганізацыі здароўя, у рэйтынгах пітушчых краінаў Беларусь сёлета скокнула з другога месца на дваццаць сёмае. Тым не менш статыстыка не суцяшальная: на аднаго чалавека ва ўзросце ад 15-ці гадоў у нас прыпадае больш за адзінаццаць літраў чыстага спірту за год.

Міхась Ільін, «Белсат»