Былы агент спецслужбаў раскрыў «Белсату» новыя сакрэты таго, як КДБ цісне на апазіцыю


Чарговы скандал вакол КДБ. Гэтым разам былы агент спецслужбаў Сяргей Васільеў, які ўцёк у Польшчу, адкрыў новыя падрабязнасці, якім чынам у Беларусі дыскрэдытуюць прадстаўнікоў дэмакратычнага руху. Справа датычыла гомельскіх актывістаў і скандальнага сайту gomelbest.com. Заява былога агента па мянушцчы Сімон выклікала абурэнне сярод апазіцыі. Само КДБ інцыдэнт каментаваць адмаўляецца.

Cупрацу з КДБ нарадзінец Гомля Сяргей Васільеў пачаў больш за 20 гадоў таму. Спачатку ягоным заданнем было выяўленне прызыўнікоў, што ўхіляліся ад службы ў войску, пасля дапамагаў спецслужбам ў барацьбе з наркадылерамі. Сваю ролю агента па мянушцы Сімон лічыў жыццёвай місіяй.

«Я не бачыў у гэтым нічога кепскага. Я хацеў працаваць у міліцыі, мяне не ўзялі. Я падумаў, што можа такім чынам змагу зрабіць нешта добрае», – кажа Сяргей Васільеў.

Аднак неўзабаве адкрыўся іншы фронт барацьбы – з апазіцыяй. Цяпер задачай Васільева была праца з іншадумцамі. Яе галоўны момант гэта стварэнне сайту gomelbest.com. Інтэрнэт крыніца мелася ствараць выгляд незалежнага СМІ. Насамрэч займалася публікацыямі-пасквілямі, якія дыскрэдытавалі прадстаўнікоў гомельскага дэмакратычнага руху.

«Мая задача была зрабіць сервер, размесціць сайт і сачыць каб ён заўсёды працаваў, а яны будуць самі размяшчаць інфармацыю на ім. Я мусіў аплочваць паслугі, дзеля гэтага (і за маю працу) яны давалі мне грошы», – кажа Сяргей Васільеў.

Тыя, хто асабіста сутыкнуўся са шкоднай дзейнасцю gomelbest.com гадамі не маглі дайсці праўды. Скардзіцца не было на каго, аўтары зневажальных публікацыяў афіцыйна не існавалі. Прадстаўнікі апазіцыйнага руху Гомля адкрыта кажуць, што гэтак звана крыніца інфармацыі шмат каму зламала жыццё. Некаторыя праз Васільева маглі трапіць за краты.

«Я ўпэўнены, што гэты чалавек зламаў маю асабістую старонку, скрыню паштовую і ад майго імя разаслаў парнаграфію ў падатковую і следчы камітэт», – распавядае праваабаронца Леанід Судаленка.

А гэтак выглядалі частыя сустрэчы Сяргея Васільева з працаўнікамі КДБ. Перадача грошай, сціплыя інфармацыі пра ўнутраную палітыку ў ведамстве.

«Прыйшоў Вакульчык і вырашыў, што ўся інфармацыйная бяспека гэта размяшчэнне артыкулаў і каментарыяў».

А таксама пра метады інфармацыйнай вайны з незалежнымі медыямі.

«Хартыя размяшчае артыкул, перастаўляем словы, размяшчаем амаль тое самае, але сэнс ад гэтага змяняецца», – распавядае куратар Сяргея Васільева.

Пакуль у КДБ адмаўляюцца каментаваць прызнанні свайго былога агента. На пытанні «Белсату» цямнага адказу не было.

«Я толькі магу параіць вам сачыць за нашым сайтам. Калі нешта зʼявіцца, мы апублікуем», – адказа афіцыйны прадстаўнік КДБ Дзмітрый Пабяржын.

Сам Васільеў у Беларусь вяртацца не збіраецца. Вядома, на радзіме яму пагражае крымінальная адказнасць. Са словаў былога агента ён мае ўжо сталы від жыхарства ў Польшчы і спадзяецца атрымаць грамадзянства. Ц і павінна краіна Еўразвязу даваць прытулак асобе, якая дзеяла супраць дэмакратычнага руху агентам КДБ? Пацярпелыя лічаць…

«Мяне не турбуе чыё заданне ён выконваў. Я хачу, каб ён пакаяўся публічна ў тым, што ён рабіў. Не толькі, што цяпер сказаў. Бо гэта пакуль толькі вяршыня айсбергу. Каб кожны агент, які заходзіць сюды ў офіс ведаў, што раней ці пазней кепска скончыць», – распавядае праваабаронца Леанід Судаленка.

Супрацу з КДБ Сяргей Васільеў спыніў летась. Скончыў сваю дзейнасць і сайт gomelbest.com Сам былы агент свой крок тлумачыць…

«Каб усё даведаліся як працуе КДБ, якімі метадамі дасягаюць свае мэты. Праца сучаснага беларускага КДБ нічым не адрозніваецца ад часоў СССР», – кажа былы агент КДБ.

Скандал вакол КДБ далёка не першы апошнім часам. Пра тое, што адбываецца ў нутры структуры, а таксама на самых высокіх узроўнях улады стала вядома нядаўна з вуснаў былога маёра КДБ Андрэя Молчана, якому ўдалося ўцячы ў Швецыю.

Ян Бабіцкі belsat.eu