Аб'ектыў 28.10.2017 Бяссонная ноч і напружаная раніца ў Іспаніі: Мадрыд пазбавіў Каталунню аўтаноміі


Іспанскі ўрад распусціў каталонскі парламент і прызначыў новага кіраўніка рэгіёну. Аднак прыхільнікі незалежнасці не збіраюцца здавацца і заклікаюць да дэмакратычнага супраціву.

Танцы ды спевы на вуліцах Барсэлоны. Дзясяткі тысяч каталонцаў да раніцы святкавалі незалежнасць аўтаноміі, пра якую абвесціў рэгіянальны ўрад на чале з Карлэсам Пучдэмонам.

Бяссоннаю, але зусім нярадаснаю была гэтая ноч і ў Мадрыдзе.

«Сёння я распусціў парламент Каталунні і прызначыў наступныя выбары на 21-га снежня. Учора кіраўнік парламенту меў шанец вярнуць законнасць і прызначыць выбары. Гэта тое, пра што яго прасіла бальшыня людзей у Каталунні. Але ён не захацеў гэтага зрабіць», – заявіў іспанскі прэм’ер Марʼяна Рахой.

У пятніцу каталонскі парламент, які налічвае 135 месцаў, тайна прагаласаваў за абвешчанне незалежнасці. Частка дэпутатаў – прыхільнікаў цэласнасці Іспаніі – байкатавалі галасаванне.

«Рэзалюцыя парламенту зацвярджаецца 70-цю галасамі «за», 10-цю «супраць» і двума пустымі галасамі».

Адказ з Мадрыду прыляцеў вокамгненна. Іспанскі сенат, згодна з артыкулам 155 Канстытуцыі, увёў у аўтаноміі наўпроставае кіраванне, а прэмʼер краіны Марʼяна Рахой зняў з пасадаў усіх чальцоў каталонскага ўраду, а таксама кіраўніка паліцыі Каталунні.

«Я прыхільнік незалежнасці. І гэта дайшло да моманту, калі мы ня можам дазволіць ім ціснуць нас далей. Гэта не найлепшая сітуацыя, але яны не пакінулі нам выбару», – кажа жыхар Барсэлоны.

Да новых выбараў аўтаномію будзе ачольваць віцэ-прэмʼер Іспаніі Сарая Саэнс дэ Сантамарыя – 46-цігадовая нарадзінка аўтаномнага рэгіёну Кастылія і Леон.

«Яны абсалютна перакрочылі межы законнасці. І дзяржава паставіць іх на месца», – кажа жыхар Мадрыду.

Канфлікт Барсэлоны з Мадрыдам – вынік рэферэндуму пра незалежнасць Каталунні 1-га кастрычніка. Канстытуцыйны суд Іспаніі забараніў галасаванне, а ўлады Іспаніі зрабілі ўсё магчымае, каб плебісцыт не адбыўся. У выніку рэферэндум, у якім узялі ўдзел больш за 2 мільёны каталонцаў, пераўтварыўся ў акцыі пратэсту і сутыкненні з паліцыяй.

Паводле каталонскіх уладаў, пры яўцы ў 43 % за незалежнасць прагаласавалі 90 % жыхароў аўтаноміі. Да іх сёння звярнуўся цяпер ужо былы кіраўнік аўтаноміі, які заклікаў да мірнага супраціву.

«Мы будзем працягваць працаваць над стварэннем свабоднае краіны, каб грамадства, дзе будзе менш несправядлівасці, больш роўнасці, салідарнасці і братэрства з усімі людзьмі свету. Пачынаючы з народу Іспаніі, з якім мы хочам прыйсці да ўзаемнае павагі і прызнання», – заявіў адхілены кіраўнік Каталунні Карлэс Пучдэмон.

Але найперш вольналюбівым каталонцам давядзецца дамагчыся прызнання як самога Мадрыду, гэтак і міжнароднае супольнасці. Злучаныя Штаты і Еўразвяз ужо заявілі, што для іх Каталуння застанецца неадʼемнаю часткай Іспаніі.

Вольга Жарнасек, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары