Бярозаўская спартовая школа ў цэнтры карупцыйнага скандалу


Карупцыйныя схемы схавалі за дзяцей. Гэтая дзіцяча-юнацкая спартовая школа ў Бярозе, што на Берасцейшчыне, апынулася ў цэнтры скандалу. Гадамі ў гэтых сценах зневажаюць закон.

«Міністр Жураўкоў заявіў, што ніякіх збораў з бацькоў не бяруць, мы маем доказы таго, што бацькі плацяць за выезды дзяцей, спаборніцтвы. Ёсць нейкія незразумелыя зборы па 10 рублёў. Не арганізоўваюцца апякунчыя рады, няма рахункаў, на якія гэтыя грошы мусяць пералічваць», – тлумачыць актывіст Вадзім Якушык.

Як усё працуе?

Афіцыйна ў Беларусі збор грашовых сродкаў для школаў можа адбывацца толькі на добраахвотнай аснове праз апякунчыя рады, у якія ўваходзяць бацькі ды спонсары. Менавіта яны мусяць весці дакладны ўлік пераказаных на адмысловы рахунак сродкаў. З дакладнасцю наадварот, са словаў бацькоў, сістэма працуе ў Бярозе.

«Пражыванне, харчаванне складае каля ста дваццаці рублёў», – сведчыць Алег, бацька аднаго з вучняў.

За тры дні футбольнага турніру, з кішэні бацькоў, без разліковай квітанцыі. Зрэшты, гэтая сітуацыя – толькі вяршыня айсберга. Сляды іншых карупцыйных схемаў вядуць сюды, на Лядовую арэну. Яе дырэктар Уладзімір Страпко ў 2010 годзе адначасова заняў кіроўныя пасады ў дзвюх бярозаўскіх спартовых структурах: Лядовай арэне і футбольным клубе «Бяроза-2010».

Закон аб барацьбе з карупцыяй быў выразна парушаны

«Пункт 17, паводле яго, чалавек не мае права знаходзіцца на 2 дзяржаўных пасадах. А футбольны клуб «Бяроза-2010» – гэты была дзяржаўная ўстанова», – даводзіць спадар Вадзім Якушык.

Стварэнне гэтага клубу і выклікала шмат пытанняў. Яшчэ да яго ў горадзе існавала паспяховая спартовая суполка: футбольны клуб «Бяроза». Аднак спонсарам новага праекту стала кампанія «Трайпл», што належыць Юрыю Чыжу, буйному бізнесоўцу, якога называюць гаманцом Лукашэнкі. У той жа час фінансаванне старога клубу паступова спынялі, а яго найлепшыя гульцы пачалі выступаць у іншых камандах. Хоць за іх «ФК – Бяроза», паводле закону, мусіў атрымаць немалую кампенсацыю, да сёння невядома, дзе падзеліся грошы.

Адказны за гэта намеснік старшыні райвыканкаму ад каментароў ухіляецца

Сёння не таямніца, што па падазрэнні ў карупцыі ў Бярозе правялі шэраг правяранняў. Хоць былі выяўленыя парушэнні, нікога дагэтуль да адказнасці не прыцягнулі. Бацькі працягваюць плаціць за дзяцей, а тыя, хто не мае грошай, пра спартовую карʼеру мусяць забыць.

Ян Бабіцкі, «Белсат»