Аб'ектыў 25.05.2018 Бунт даярак на Гомельшчыне: «Мы ў іх як быдла»


Аграпрамысловае прадпрыемства, якое дынамічна развіваецца. Адное з лепшых у раёне. На «Дажынках»-2013 заняло трэцяе месца ад Гомельскай вобласці. Такая афіцыйная легенда КСУП «Крыўск». За фасадам жа хаваецца безліч праблемаў і неразвязаных канфліктаў. Якія сёння справакавалі бунт даярак. Прычына – звальненне адной з супрацоўніц.

Нізкія заробкі, складаныя графік і ўмовы працы. З гэтым супрацоўнікі прадпрыемства «Крыўск» Будакашалёўскага раёну Гомельскай вобласці нібы мірыліся. Іскрай, ад якой успыхнуў бунт даярак, стала звальненне каляжанкі.

«Адная з лепшых даярак. Не п’е, на працу ходзіць рэгулярна, да працы ставіцца добрасумленна. Усе свае абавязкі выконвае», – кажа брыгадзір КСУП «Крыўск» Святлана Зайцава.

Таццяна Сямёнава адпрацавала ў «Крыўску» больш за дваццаць гадоў. Пра звальненне даведалася напярэдадні.

«У мяне ўчора рукі калаціліся. Шок у мяне быў. Я нават мужу свайму не казала. А сёння суседка, во, сказала. У яго рукі калаціліся. У яго рукі калаціліся ад таго, што яны мяне звальняюць. У мяне дзяцёнак заканчвае 11 класаў – мне трэба яе вучыць», – кажа даярка Таццяна Сямёнава.

Афіцыйная прычына радыкальнай захады – абвінавачванне ў крадзяжы камбікорму. Жанчына тлумачыць, што набыла яго ў іншага супрацоўніка. Які, маўляў, яго і скраў.

«Ну, карміць жа ўсім трэба скаціну. Бо ў нас у калгасе паспрабуй купі. Купіць можна, так, выпісваюць, але па такіх коштах, што я лепш пайду мяса набуду. А тут прыехалі, прывезлі. Да любы б купіў. Разумееце? Я б таксама купіла», – распавядае працаўніца КСУП «Крыўск».

Сапраўдная ж прычына, паводле звольненай і ейных каляжанак, канфлікт з ахоўнікам прадпрыемства Мікалаем Рабцавым.

«Той, хто праўду яму гаворыць у вочы, таго ён не любіць. У нас было з ім два суды, якія я выйграла. Але ён мне помсціць», – распавядае даярка Таццяна Сямёнава.

Славу мяцежнага прадпрыемства «Крыўск» атрымаў тры гады таму. У дзве тысячы пятнаццатым на ім выбухнуў кватэрны канфлікт. Правяранні выкрылі безліч парушэнняў.

«Усе факты, якія былі выкладзеныя ў лісце працаўнікоў, іх было пяцёра, хто звярнуўся, пацвердзіліся. На прадпрыемстве ўвогуле адсутнічае палажэнне ад прэміяванні працоўных. Няма палажэння па аплаце працы. Указанні дырэктара бездакорна выконваюцца, нягледзячы на меркаванне адмыслоўца па дадзеным пытанні», – тлумачыць Надзея Масейкава з гомельскага абласнога абʼяднання прафсаюзаў.

Тады кіраўніка знялі. Сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў перайменавалі ў камунальнае сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства. Але ці палепшылася сітуацыя?

«У нас за апошнія год-два змянілася сем дырэктараў. Мяняліся, як пальчаткі – адзін папрацуе, сыдзе, другі папрацуе, сыдзе», – распавядае лабарант Галіна Сотнікава.

Атрымаць каментар кіраўніцтва прадпрыемства пакуль не атрымалася. Але наш тэлеканал будзе сачыць за развіццём сітуацыі.

Лола Бурыева, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары