Як загінулі зваршчыкі на Астравецкай АЭС і куды адміністрацыя схавала іх целы?


Двое загінулых на будаўніцтве атамнай электрастанцыі пад Астраўцом. Пра гэта, са спасылкай на незалежныя адна ад другой крыніцы, паведамляюць радыё «Свабода» і «Белапан». Адміністрацыя БелАЭС, аднак, гэта адмаўляе.

Журналісты «Белсату» знайшлі ўласную – трэцюю крыніцу

Асоба, да якой звярнуўся наш тэлеканал пацвердзіла меркаванае здарэнне. Мужчына перадаў словы работніка АЭС, які размаўляў з відавочцамі непасрэдна ў дзень здарэння.

Работнікі ж Астравецкай больніцы, у нефармальных размовах, сказалі, што пра згаданы выпадак нічога не чулі. Але пры гэтым яны адзначаюць, што АЭС мае ўласную службу неадкладнай медыцынскай дапамогі, а павесці загінулых, у выпадку такога здарэння з большай верагоднасцю маглі ў больніцу Смаргоні ці Ашмянаў.

Здарэнняў нашмат больш, чым паведамляюць

Як прызнаўся летась парталу TUT.BY намеснік міністра энергетыкі, за 9 месяцаў летась на будоўлі здарылася 10 надзвычайных станавішчаў, у выніку якіх загінулі тры рабочыя. Адмыслоўцы мяркуюць, што гэтая лічба – моцна заніжаная.

Раней у медыях зʼяўляліся паведамленні аб абрынанні апорных канструкцыяў станцыяў. У прыватнасці аповед бетоншчыка, які, на ўмовах ананімнасці, распавёў, што для купала рэактара выкарыстоўваўся бетон ня той маркі, якая была заяўленая. Апроч таго, з яго слоў, з-за спешкі пры будаўніцтве купала рэактара, была парушаная тэхналогія працэсу. У выніку, у бетонным масіве нібыта ўтварыліся паветраныя бурбалкі, якія парушаюць трываласць гэтай ахоўнай структуры.

Планку бяспекі зніжаюць, будуюць абы-як

Як выявіла расследаванне тэлеканалу Белсат і міжнароднага агенцтва па журналісцкіх расследаваннях OCCRP, органы нагляду над будаўніцтвам станцыі, сістэматычна дапускаюць паслабленні ў справе правілаў бяспекі і стандартаў.

Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства Беларуская АЭС распачало будаўніцтва ня маючы ані праекту, ані ліцэнзіі Дзяржатамнагляду. Адзін з буйных падрадчыкаў ашмянская фірма Будаўнік, ня мае атэстату належнай катэгорыі. Генеральны падрадчык будаўніцтва – расейская кампанія НІАЭП – падраздзел Росатаму, ня здолеў атрымаць ніякага беларускага атэстату адпаведнасці.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат», фота: Максім Тарналіцкі / realt.onliner.by