БТ і «саўбелку» не пакараюць за пасквілі пра фігурантаў «справы патрыётаў»


&feature=youtu.be

Следчы камітэт спыніў крымінальную справу, вядомую як «справу патрыётаў» і «справу Белага Легіёну» – з адсутнасці складу злачынства. Следчым спатрэбілася больш за паўгода, каб прызнаць: не было ніякай групы баевікоў, ніхто не рыхтаваў крывавыя правакацыі, а ўся канфіскаваная зброя – або трэніровачныя макеты, або страйкбольныя рэплікі. Засталіся толькі месяцы праведзеныя за кратамі, выкрывальныя сюжэты і фільмы на беларускіх дзяржаўных тэлеканалах, застрашэнне суайчыннікаў баевікамі са зброяй, за якія наўрад ці хто папросіць прабачэння.

35 фігурантаў, тры дзясяткі вобшукаў, прапагандысцкія фільмы на дзяржаўным тэлебачанні, паведамленні пра цэлыя арсеналы зброі, і ў выніку – пшык. Справу «Белага легіёну» пра рыхтаванне масавых закалотаў не сшылі нават белымі ніткамі, а кінулі абы-як. Паводле Следчага камітэту, расследаванне спынілі яшчэ ў панядзелак.

«Мы мяркуем, што ў гэтай справе пастаўленая кропка. Крымінальная справа накіраваная пфракурору для вывучэння і ацэнкі законнасці прынятага рашэння. Усе фігуранты пачалі знаёміцца з пастановай аб спыненні справы і з матэрыяламі справы ў іх хадайніцтве», – заявіў старшыня Следчага камітэту Іван Наскевіч.

А вось самі фігуранты справы, зазнаўшы брутальныя арышты, начныя допыты і доўгія дні ў следчым ізалятары, даведаліся пра рашэнне СК праз медыі. Ніхто іх з пастановаю не азнаёміў. Таму каментары даюць асцярожна, падпіска пра неразгалошванне фармальна не знятая.

«Я дапускаў, што справа можа не дайсці да суда, што ў судзе яна абыдзецца мінімальнымі, магчыма, умоўнымі тэрмінамі..», – кажа экс-арыштант Алесь Яўдаха.

Для Алеся Яўдахі ўвесь працэс быў тэатрам абсурду. Словы следчых КДБ, а потым пракуратуры пра стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання, пошук даўно няіснай арганізацыі «Белы легіён» – усё было сюррэалістычным спектаклем. І хоць абвінавачанні знятыя, для дзяржаўнай машыны Алесь – усё яшчэ баявік.

«Нагадаем, што ў канцы сакавіка на тэрыторыі краіны былі затрыманыя некалькі дзясяткаў баевікоў, якіх падазравалі ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў і стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання».

Дакладней, спачатку Аляксандр Лукашэнка, наведваючы Магілёўшчыну, распавёў жахі пра лагеры баевікоў і арышты некалькіх дзясяткаў чалавек.

«Грошы ішлі праз Літву і Польшчу да нас, і яны рыхтаваліся. І мы пару дзясяткаў у гэтыя гадзіны затрымалі – баевікоў, якія рыхтавалі правакацыі са зброяй», – заявіў кіраўнік Беларусі.

А потым ужо КДБ пабег ажыццяўляць словы свайго лідара. Сапраўднаю прычынаю быў рост сацыяльных пратэстаў. Гэтаю вясною людзі бунтавалі супраць падатку на адсутнасць працы.

«Была задача паказаць беларускаму грамадству, што лібералізацыя не зайшла так далёка, як камусьці хацелася б, і што беларускія ўлады могуць у любы момант арыштаваць невінаватых людзей і абвінаваціць іх ледзь не ў падрыхтоўцы ўзброенага супраціву», – кажа аглядальнік радыё «Свабода» Віталь Цыганкоў.

Страшную карцінку стварылі, але абвяржэння рабіць ніхто не збіраецца.

«Я не магу пракаментаваць вам па тэлефоне гэтае пытанне. Тэлефонны званок не з’яўляецца зваротам», – паведамілі ў прэс-службе «Белтэлерадыёкампаніі».

«За прапагандысцкую кампанію з боку дзяржаўных медыяў, і электронных, і папяровых, як «Савецкая Беларусія» і БТ – ніхто не адкажа, у іх даўнія традыцыі такіх артыкулаў», – мяркуе аглядальнік радыё «Свабода» Віталь Цыганкоў.

Паводле Следчага камітэту, арыштаваныя ўсё адно вінаватыя – гулялі ў страйкбол, займаліся фізічнаю падрыхтоўкаю. Быў бы чалавек, артыкул знойдзецца.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»