Братэрскі кошт: Беларусь будзе плаціць за газ, як Нямеччына


Масква і Менск яшчэ раз абмяняліся порцыяй узаемных прэтэнзіяў

Перапалка паміж беларускім прэмʼерам Андрэем Кабяковым ды расейскім візаві Дзмітрыем Мядзведзевым адбылася падчас Еўразійскага міжурадавага савету ў Бішкеку. Кіраўнік ураду Беларусі заўважыў, што ўнутраныя перашкоды ў саюзе растуць як снежны ком. А кошты на газ, насуперак падпісаным дамоўленасцям, выраслі цягам двух гадоў у тры разы. Расейскі прэмʼер назваў такую пазіцыю «шантажом».

«Калі б некаторыя прысутныя тут краіны не ўваходзілі ў склад ЕАЭС або выйшлі з яго, то яны б набывалі цяпер газ паводле еўрапейскіх коштаў. Каля $ 200 долараў за 1000 кубаметраў. Вось і ўсё! І не трэба нічога даводзіць ды практыкавацца ў падліках», – заявіў расейскі прэмʼер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў.

Але мы ўсё ж папрактыкуемся

Паводле інфармацыі расейскага эканамічнага выдання «РБК», у 2015 годзе Расея пастаўляла газ у Нямеччыну з 20-ці адсоткаваю зніжкай, па $ 142 за 1000 кубоў. Пры гэтым сам Мядзведзеў казаў, што сярэдні кошт блакітнага паліва на еўрапейскім рынку летась складаў не $ 200, а $ 160–170. У дачыненні Беларусі, з сакавіка, Масква настойвае на кошце – $ 141 за 1000 кубоў. Такая вось саюзная зніжка, на долар таней, чымся для Нямеччыны.

«Менск натуральна бʼе на тое, што ў нейкіх паперах запісана пра роўныя ўмовы гаспадарання ды пра пераход на роўнадаходныя кошты на газ канкрэтна. Так што ёсць за што чапляцца Кабякову на перамовах», – тлумачыць палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Але, калі прэмʼер Беларусі зрабіў заўвагу, што краіны цягам апошніх двух гадоў толькі аддаляліся ад роўнадаходных коштаў, а розніца паміж коштам на газ у Расеі ды Беларусі вырасла з $ 38 у 2014-ым да $ 110-ці ў 2016-ым, то атрымаў ад расейскага калегі жорсткі адказ.

«Урэшце тут ніхто нікога прымусова не трымае»

Трэці год будовы Еўразійскага эканамічнага саюзу адзначыўся падзеннем таваразвароту паміж яго краінамі-удзельніцамі на 30 %. І, калі галоўная прычына, дзеля якой абʼяднанне і паўставала, дае збой, можа, сапраўды, варта паслухацца расейскага прэмʼера ды не трымацца?

«Але і выйсці, як так зʼедліва сказаў Мядзведзеў не атрымаецца. Гэта тая чырвоная рыса, пры пераходзе якой Расея застасуе тут у Беларусі Крымскі ці Данбаскі сцэнар. У сухім астатку, усё меней «капае» так бы мовіць Менску за братнюю інтэграцыю, а ўсё больш, як кажуць класікі, за кожны скормлены вітамін Масква патрабуе», – каментуе спадар Класкоўскі.

За пазіцыяй Крамля стаіць глыбокі эканамічны крызіс у самой Расеі

Масква проста не ў стане, як раней, фінансаваць Еўразійскі эканамічны праект, які, як цяпер высвятляецца, з эканомікаю мае супольнага не так і шмат.

Ігар Кулей, «Белсат», Valery Sharifulin / TASS / Forum