Брагін: заводы зачынілі, працуюць толькі ідэолагі


2018 год Лукашэнка абвесціў «Годам малой радзімы». Сёлета прадугледзелі добраўпарадкаванне мястэчак і культурніцкае развіццё рэгіёнаў. Але ці толькі гэтага чакаюць ад дзяржавы жыхары маленькіх мясцовасцяў? У Брагіне, што на Гомельшчыне, хочуць развязання перадусім іншых праблемаў.

Адміністратыўны цэнтр з насельніцтвам больш як 3 500 чалавек сустракае нас заснежанымі вуліцамі і шчырымі жыхарамі, якія не хаваюць сваіх праблемаў.

Андрэй Дзядкоў скончыў Гомельскі дзяржаўны каледж мастацтваў імя Сакалоўскага, і цяпер ён малады спецыяліст у сферы культуры. На малой радзіме яго трымае некалькі гадоў адпрацоўкі. Іншыя ж жыхары – самыя трымаюцца за кожнае працоўнае месца. Заробак 300 рублёў – мяжа мараў.

«Усе прадпрыемствы пазакрывалі. Маслазавод знеслі, вінзавод – няма, хлебакамбінат – таксама – усё».

«Заводаў ніводнага няма, а яшчэ ўладкавацца – праблема. Раней прынамсі райпо было, а зараз і райпо скарацілі».

«Гаспадарку людзі трымаюць, тым і жывуць. Сваё, хатняе на стале, а зараобак 300 рублёў – для плацяжоў, каб аплаціць камунальныя»,

– скардзяцца мясцовыя жыхары.

На дно ідзе апошняя арганізацыя – райспажыўсаюз

Брагінцы ратуюцца ад галечы ў Менску ці ў Расеі, работнікі аддзелу кадраў праблемаў не бачаць. Маўляў, патрэбныя і фельдчары і заатэхнікі – працы нібы хапае.

У рэальнасці на адсутнасць працы не наракаюць хіба ідэалагічныя работнікі. Яны неадступна палююць на здымачную групу «Белсату» цягам дня, нават будучы ў працоўным адпачынку.

Беспрацоўе на Гомельшчыне склала больш за 20 %

З кожным месяцам паказчык расце. Брагінскі раён, гэтак як і Хойніцкі, і Жлобінскі, лічыцца адным з найбольш дэпрэсіўных рэгіёнаў. «Год малой радзімы» змусіць насельніцтва добраўпарадкаваць вуліцы, пафарбаваць бардзюры, але ці ўратуе гэта рэгіён ад развалу знутры?

Кастусь Жукоўскі, Андрэй Толчын, Таццяна Уласенка, «Белсат», фота: Viktor Drachev / TASS / Forum