Бой за Курапаты: нязломны Дашкевіч і адважны Пальчэўскі


Бой за Курапаты. Менавіта гэтак некаторыя ўдзельнікі абароны ўрочышча называюць сённяшнія падзеі. Грамадскія актывісты проста сваймі целамі перашкаджалі працы будаўнічай тэхнікі, адзін з іх прыкаваў сябе да грузавіка.

Для абароны Курапатаў не хапае людзей

Нягледзячы на начны напад людзей у чорным, абаронцы Курапатаў застаюцца на сваім месцы, у намётавым мястэчку. Але таксама працягваецца і будаўніцтва бізнес-цэнтру побач з месцам масавых расстрэлаў у сталінскія часы. Абаронцы Курапатаў кажуць, што ім папросту не хапае людзей, каб цалкам спыніць гэтую будоўлю.

Для будаўнікоў «Белрэканструкцыі» справа простая: ім загадалі – яны капаюць зямлю ды ходзяць ва ўрочышча зразаць дрэвы.

«Я наёмны. Мяне нанялі – я працую. Трэба сямʼю карміць, дзяцей карміць», – кажа адзін з будаўнікоў.

Раней будаваць было нельга, а цяпер – можна!

Але пратэстоўцы, у тым ліку архітэктары і краязнаўцы, кажуць, што будоўля заходзіць на кавалак зямлі, які яшчэ 3 гады таму быў у ахоўнай зоне. Статус тэрыторыі змяніўся пры цьмяных абставінах. Актывіст «Маладога фронту» Сяргей Пальчэўскі прыкуў сябе да грузавіка на знак пратэсту супраць карупцыйных схемаў і апаганьвання Курапатаў.

«Калі зараз мы іх не спынім тут, то далей пачнуць будаваць на саміх крыжах», – упэўнены актывіст.

Як кажуць абаронцы Курапатаў, немагчыма спыніць незаконную будоўлю выключна напісаннем скаргаў і збіраннем подпісаў. Таксама недастаткова толькі вулічных акцыяў. Мусіць быць спалучэнне фізічнага і папяровага змагання.

Хто з кім біўся?

Да фізічнага змагання дайшло ў другой палове дня. Зміцер Дашкевіч залез на экскаватар на ўездзе на пляцоўку, каб спыніць будаўнічыя працы.

У выніку дайшло да штурханіны, на месца будоўлі зноўку з’ехалася шмат менчукоў. Частка людзей прарвалася праз агароджу на ўездзе ў будоўлю. Міліцыя спрабавала затрымаць актывістаў, але людзі перашкодзілі.

Абаронцы Курапатаў не здаюцца

Праз вымушаныя затрымкі ў графіку дырэкцыя фірмы загадала будаўнікам працаваць і на выходных. Грамадскія актывісты таксама не збіраюцца здавацца так проста. Асабліва пасля ранейшага нападу на намётавае мястэчка невядомых людзей з дубінамі.

«Задача – каб нас пачулі. Задача – спыніць гэтае бандыцкае бязмежжа. Абарзелі ўсе ў гэтай краіне: і міліцыянты, і забудоўшчыкі, якія парушаюць законы за хабар ці за што там», – абураецца актывіста Вольга Нікалайчык.

«У мяне 6 чалавек ляжыць на Курапатах з маёй сям’і, але для мяне не так істотная гэтая падстава, як істотна нарэшце даказаць сабе, што я не яйка Фабержэ, і я не баюся, што мяне хтосьці падрапае ці паб’е крыху», – падкрэслівае блогер Стась Карпаў.

«Белсат» таксама працягне асвятляць сітуацыю ў Курапатах. Паводле пратэстоўцаў і мясцовых жыхароў, менавіта прысутнасць незалежнай прэсы спыняе міліцыю і забудоўнікаў ад жорсткіх дзеянняў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»