БМП, вакзал, Расея. Вучэнням канец, жаўнеры едуць дамоў


«Бывай, Іван». Нашыя журналісты знялі на камеру адпраўленне з чыгуначнай станцыі ў Асіповіцкім раёне танкаў і БМП. Вучэнні «Захад-2017» скончыліся, і расейскія войскі пакідаюць Беларусь.

Але ці ўсё так відавочна?

Яны ўяўна дзялілі Беларусь, пад гучнымі заявамі аб адкрытасці не давалі журналістам здымаць і задаваць пытанні, затрымлівалі беларускіх грамадзянаў.

Між тым, колькі тысячаў жаўнераў бралі ўдзел, дагэтуль незразумела. Няясна таксама і тое, ці выехалі ўсе войскі з Беларусі. Вось здымкі танкаў і БМП, якія нібыта на чыгуначных платформах пакідаюць Беларусь. Што праўда, на вайсковай тэхніцы няма ніякіх апазнавальных знакаў, за выняткам нумароў, у які бок будуць рухацца цягнікі, невядома.

Журналіста, які здымаў расейскую тэхніку затрымалі

Міліцыя не склала ніякага пратаколу, прычыну затрымання не патлумачылі.

«Супрацоўнік райаддзелу сказаў, што я нічога не парушаў», – падзяліўся затрыманы Алесь Асіпцоў.

Пазней міліцыянты выбачыліся перад Алесем. Што праўда, праз нейкі час вайсковы патруль ненадоўга затрымаў і журналістаў «Белсату», якія прыехалі на месца здарэння.

Перад вучэннямі апазіцыя ладзіла пратэст супраць акупацыі Беларусі

Некаторыя вінавацілі тады палітыкаў у нагнятанні сітуацыі ды запалохванні людзей. Тым часам менавіта ўзняты розгалас дазволіў пазбегнуць найгоршага сцэнару, перакананы лідар Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікола Статкевіч.

Тым не менш, небяспека для незалежнасці не мінула. Мікола Статкевіч мяркуе, што тэарэтычна Расея магла пакінуць для сваіх жаўнераў на тэрыторыі Беларусі рыштунак і забеспячэнне. Нямала экспертаў кажуць, што ўлічваючы ўжо традыцыйную хлусню, якую распаўсюджвае Масква для міжнароднае супольнасці, на жаль, яшчэ можна чакаць непрыемных неспадзяванак.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»