Бітва за Алепа: самая крывавая атака за ўсю вайну ў Сірыі


Цягам некалькіх секундаў жыццё жыхароў вёскі Хас непадалёк Алепа пераўтварылася ў пекла. На вуліцах быў чутны голас роспачы.

ЖЫХАР ХАСУ:

«Божа, божа, дапамажы нам! Ты бачыш, што з намі адбываецца. Прашу цябе, адпомсці ім! Божа, мы не маем нікога, апроч цябе!»

На меркаванне экспертаў ААН, авіяўдар па мірным паселішчы можа стацца адным з самых крывавых за ўвесь час вайны ў Сірыі. Бомбы трапілі ў мясцовую школу. Выбухам забітыя дваццаць два вучні і шэсць настаўнікаў, яшчэ пяцьдзясят асобаў былі параненыя. Як заявілі ў ААН, калі гэтае бамбаванне адбылося наўмысна – можна казаць пра ваеннае злачынства.

Паводле сірыйскіх уладаў, авіяўдар здзейснілі выключна па пазіцыях тэрарыстаў. У такую версію не верыць міжнародная супольнасць. Паводле шэрагу крыніцаў, бамбаванні ў Алепа ды яго ваколіцах адбываюцца пры ўдзеле расейскай авіяцыі, якая вядзе падтрыманне сірыйскіх урадавых войскаў. Сёння Расея чарговы раз зняпраўдзіла гэтую інфармацыю, заявіўшы, што расейскія летакі ўжо дзявятыя содні не лятаюць над АлЕпа. Аднак зусім іншыя факты агучаныя на паседжанні Рады Бяспекі ААН.

СТЫВЭН О’БРАЕН, КААРДЫНАТАР ГУМАНІТАРНАЙ ДАПАМОГІ:

«Грамадзянскае насельніцтва ў Сірыі бамбуецца сірыйскімі і расейскімі войскамі. Калі людзі і ацалеюць, то на заўтра іх чакае голад. Гэта відавочная і бессаромная тактыка»

Заява намесніка генеральнага сакратара ААН у гуманітарных пытаннях выклікала абурэнне расейскага боку. Прадстаўнік Расеі пры ААН Віталій Чуркін пракаментаваў яе наступным чынам.

ВІТАЛІЙ ЧУРКІН, ПРАДСТАЎНІК РАСЕІ Ў ААН:

«Спадару О’браен, калі б нам было патрэбнае казанне, мы б пайшлі ў царкву. Калі б мы хацелі пачуць вершы, мы б пайшлі ў тэатр. Ад кіраўніцтва ААН чакаеш абʼектыўнага аналізу падзеяў. У вас гэта выразна не атрымалася».

Занепакоенасць міжнароднае супольнасці і НАТО выклікаюць таксама іншыя мілітарныя крокі Крамля. У палове кастрычніка пачалося перакіданне карабельнай авіяноснай групы Паўночнага флоту да берагоў Сірыі.

ЕНС СТОЛЬТЭНБЭРГ, ГЕНЕРАЛЬНЫ САКРАТАР НАТО:

«Мы занепакоеныя магчымасцю выкарыстання гэтых караблёў для ўзмацнення атак на Алепа. Усе сябры альянсу ўсведамляюць такую небяспеку адносна дзеянняў расейскіх войскаў у Сірыі».

Асаблівую трывогу назіральнікаў выклікае наяўнасць сярод караблёў адзінага ў Расеі цяжкага авіяносца «Адмирал Кузнецов». Раней Масква не выключала, што карабель могуць задзеяць у сірыйскай аперацыі.

Ян Бабіцкі, «Белсат», фота – twitter.com/JulianRoepcke