Без гарачай вады і ацяплення. «Менскэнерга» феерычна пачаў сезон


Амаль усе цеплакрыніцы ды спажыўцы цяпла ў Менскай вобласці атрымалі пашпарты гатовасці ды гатовыя да эксплуатацыі, пра гэта заявіў дырэктар філіялу «Энэрганадзор» «Менскэнерга» Сяргей Васілеўскі на паседжанні Менаблвыканкаму. Між тым, у пасёлках Свіслач і Дружны Пухавіцкага раёну больш чым на тыдзень адключылі гарачую ваду.

Жыхары скардзяцца ўва ўсе магчымыя інстанцыі.

«Патэлефанавала ўчора ў абласны ЖКГ, яны сказалі, што ў курсе і нічым дапамагчы не могуць, гэта не пытанне ЖКГ, гэта пытанне “Менскэнерга”. Патэлефанавала ў Аблвыканкам на гарачую лінію, пакінула паведамленне, і пасля яго прадублявала электроннымі паведамленнямі на Менскі аблвыканкам, – чакаю рэакцыі», – кажа жыхарка Свіслачы Вольга Харламава.

Кіраўнік сектару сувязяў з грамадскасцю «Менскэнерга» Міхаіл Юдзін праз сацыяльныя сеткі патлумачыў абураным жыхарам, што ў пасёлках ажыццяўляецца планавая замена двух участкаў магістральных цеплатрас. Цяпер ідзе іх прыёмка і ўключэнне, гэта павіннае заняць 5–6 дзён. Паводле чыноўніка, праца выконваецца ў адпаведнасці з устаноўленым графікам.

«Навошта планаваць адключэнне гарачай вады на кастрычнік? Гэта не першы кастрычнік у Беларусі. І ўсе ведаюць, што на пачатку кастрычніка паўстае пытанне падключэння ацяплення», – абураецца спадарыня Харламава.

У Менску ў сувязі з пахаладаннем на гэтым тыдні ідзе падключэнне ацяплення да школ і садкоў, у Свіслачы ж і Дружным, пакуль ідуць працы, пра цяпло не можа ісці гаворкі.

Пасля хвалі абурэння ў Менскэнерга заявілі, што, згодна з графікам, працы павінныя былі скончыцца 9–10 кастрычніка, але, улічваючы неспрыяльны прагноз надвор’я, пастанавілі перанесці тэрмін уключэння гарачага водазабеспячэння на 5–6 кастрычніка. Паўстае пытанне, чаму, складаючы такія графікі, чыноўнікі разлічваюць на добрыя ўмовы надвор’я.

Вольга Чайчыц, Андрусь Козел, «Белсат»