Аб'ектыў 17.01.2017 Беспрацоўныя абʼядноўваюцца. Як супрацьстаяць падатку на дармаедства?


Напружанне ў грамадстве можа выліцца і на гарадскія вуліцы ў форме пратэстаў, не выключаюць актывісты. Але пакуль галоўным інструментам змагання беларусаў застаецца ўласны подпіс. Збор галасоў за адмену ганебнага ўказу аб «дармаедстве» ладзяць у розных гарадах краіны.

Дэпутатам усё роўна на праблемы сваіх выбарнікаў

Магілёў. Подпісы за адмену Дэкрэту аб дармаедах тут збіраюцца яшчэ з мінулае восені. Што праўда, плёну ад зваротаў грамадзянаў да мясцовых дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў пакуль не відаць. Паводле збіральніка подпісаў Уладзіміра Шанцава, адказаў толькі адзін з пяцёх дэпутатаў, трое даслалі калектыўны адказ, у якім схаваліся за пустымі адпіскамі. Яшчэ адзін «народны абраннік» звароты грамадзянаў і наагул праігнараваў.

«Чалавек, абраны насельніцтвам, павінен найперш клапаціцца пра сваё насельніцтва. Дэкрэт абсурдны, выклікаў масу нараканняў. Як народ гэта называе – глупота, абсурд і г.д. А дэпутаты – ніхто нават не стаў разбірацца! Ніхто нават не прыехаў у Магілёў ды не пагаварыў з тымі людзьмі, хто ставіў подпісы», – абураецца  апазіцыянер.

Калі дэпутаты маўчаць, то ці працуюць наагул?

Мясцовыя праваабаронцы стварылі сайт, прысвечаны дзейнасці магілёўцаў у Палаце прадстаўнікоў.

«Мы паспрабуем акумуляваць усю даступную інфармацыю пра дзейнасць дэпутатаў Магілёва, якія абіраліся ў Магілёве. І таксама паспрабуем стымуляваць выбарцаў да таго, каб яны звярталіся да сваіх дэпутатаў па развязанне нейкіх канкрэтных сваіх праблем і пытанняў», – распавёў Аляксей Колчын з праваабарончага цэнтру «Вясна.

Аднак інфармацыі на сайце пакуль вобмаль: яго стваральнікі не знайшлі нават звестак, калі дэпутаты збіраюцца сустракацца са сваймі выбарнікамі.

Вулічны збор подпісаў працягнецца

Балазе да яго далучыліся і сябры незалежнага прафзвязу РЭП.

«Ад гэтага закону пацярпела большасць беларускіх семʼяў, і яго трэба адмяняць. Дэкрэт быў прыняты на тле падвышэння пенсійнага ўзросту, адмены стажу працаўнікам – пры гэтым задняю датаю ў парушэнне Канстытуцыі», – звярнуў увагу Аляксей Яўгенаў з незалежнага прафзвязу РЭП.

Збіраюцца подпісы супраць падатку на дармаедства і ў Баранавічах

Шосты дзень сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікола Чарнавус у вольны ад працы час выходзіць на вуліцы гораду з падпіснымі Аркушамі ды зваротам як да дэпутатаў, гэтак і персанальна да Лукашэнкі.

«Дастала! Дастала! Я лічу, што хопіць цярпець! Хопіць пакутаваць! Беларусы – гэткая нацыя: вось мы пацерпім, вось мы пачакаем, хтосьці за нас робіць – не будзе такога! Пакуль мы не возьмемся за свае правы, ніхто за нас нічога не зробіць!», – упэўнены спадар Чарнавус.

На гэты момант актывіст сабраў амаль чатырыста подпісаў. Людзі патрабаванне адмяніць Дэкрэт аб дармаедах падтрымліваюць ахвотна.

Прыязджаюць з іншых гарадоў цэлымі кампаніямі, каб паставіць свае подпісы

«Калі чыноўнікі жывуць добра і маюць добрыя заробкі, то гэта не азначае, што мы, простыя людзі, якія працуюць на звычайнай працы, атрымліваем дастатковую заработную плату!».

«Анідзе працы няма – нават грузчыкам не бяруць на працу. Дык і хто ён, дармаед? Дашлюць вось зараз грошы плаціць – за што? За тое, што не можа знайсці працу?».

– выказваюцца жыхары Баранавічаў.

Кампанію пашыраюць на ўсю краіну

Ужо заўтра пачнецца збор подпісаў і ў інтэрнэце, з’явяцца і электронныя формы скаргаў ды зваротаў, у тым ліку і да рэспубліканскіх уладаў.

«Сёння вызначаныя ўсе абласныя цэнтры, і раённыя таксама – Салігорск, Наваполацк, Бабруйск, Ворша, дзе ёсць офісы і куды людзі могуць прыйсці ўзяць гэтыя паперы, напісаць, паставіць свой подпіс за скасаванне дэкрэту», – патлумачыў Генадзь Фядыніч, старшыня прафзвязу РЭП.

Таксама актывісты плануюць зладзіць і апытанне падпісантаў, ці гатовыя тыя, у выпадку, калі ўлады не прыслухаюцца, да калектыўных дзеянняў у абарону сваіх правоў. То бок да новае Плошчы.

Валеры Руселік, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары