Беспрацоўны выпускнік інтэрнату: «Сёння пераспаў ноч дзесьці – і слава богу»


Былы выхаванец гомельскай школы-інтэрнату Яўген Бунцін па заканчэнні навучання прыехаў у гарадскі пасёлак Церахоўка, што ў Добрушскім раёне. І калі жыллёвае пытанне для яго было вырашанае – хлопца засялілі ў дом, дзе раней жылі ягоныя бацькі, – то працу давялося шукаць доўга. Сярод вакансіяў паводле спецыяльнасці – у сферы будоўлі – у невялікім мястэчку знайсці не атрымалася.

Выбіраць не выпадала.

«Працаваў раней на рынку за пяць рублёў на дзень. На булку хлеба і на пачку цыгарэт. Усе, больш ні на што не хапае», – скардзіцца Яўген.

Пэўны час хлопец ездзіў на заробкі ў Гомель. Пазней па лепшую долю выправіўся ў Расею. Але і там не пашанцавала. Не ўсе працадаўцы сумленна разлічваліся.

«Дзесьці зарабляў, дзесьці – не. Дзесьці кідалі, дзесьці ўвогуле ледзь не пешшу прыходзілася ісці з той Расеі. Я ж не адзін такі. Колькі цяпер з Расеі пешшу прыходзяць», – дзеліцца досведам спадар Бунцін.

За час працы Яўгена за мяжою ягоны дом заняпаў

Нейкі час у ім знаходзілі прытулак бяздомнікі. Цяпер у хаце трэба мяняць трубы, латаць дах, класці новую падлогу, рамантаваць столь і пераклейваць шпалеры. Газ і святло таксама адключылі з-за аварыйнага стану катла.

«Зімой, дзе прыходзілася, там і жыў. Бывала нават і на гарышчы, ці ў падвалах, каб не змерзнуць, таму што тут газа няма, нічога няма, жыць тут – зімой не выжывеш», – наракае Яўген.

Спробы атрымаць дапамогу ад чыноўнікаў не далі плёну

Сітуацыя нагадвае замкнёнае кола. Гаргаз паведаміў, што газ і святло не будуць праведзеныя, пакуль гаспадар не набудзе новых пліты і катла. Але на гэта беспрацоўны маладзён не мае грошай. Да таго ж запазычанасць за камунальныя плацяжы складае Br 400.

Прычыну таго, што ў трыццаць гадоў Яўген Бунцін гэтак і не ўладкаваўся ў жыцці, выпускнік школы-інтэрнату бачыць у слабым падтрыманні з боку дзяржавы. На ягоную думку, працаўнікі праграмы постінтэрнатнага суправаджэння мусяць больш пільна кантраляваць былых выхаванцаў цягам першых некалькіх гадоў пасля сканчэння навучання.

Прыклады, калі выпускнікі дзіцячых дамоў у малых гарадах трапляюць у складаную жыццёвую сітуацыю ды застаюцца без даху і прапіскі – даволі не рэдкія. Праблему выклікаюць як вялікія чэргі на атрыманне сацыяльнага жытла, гэтак і самастойны пошук працы. Таксама шмат тых, хто выраслі сіротамі, часам не маюць дастатковай інфармацыяй аб праграме постінтэрнатнага суправаджэння ды льготах, якія б значна дапамаглі выпускнікам у дарослым жыцці.

Юлія Лабанава, «Белсат»