Берасцейцы супраць чыноўнікаў: будоўля разбурае жылыя дамы


Гісторыя з будоўляю гатэлю на вуліцы Савецкая ў цэнтры Берасця цягнецца не першы месяц. Выглядае на тое, што будаўнікі заплюшчваюць вочы, у тым ліку на адсутнасць неабходных дакументаў для працаў. А стыль работаў – папросту ўсіх паставіць перад фактам. Прынамсі гэта ўбачылі жыхары дому № 21 па вуліцы Маякоўскага, калі іхны двор перагарадзілі плотам.

«Прыйшлі прадстаўнікі «МДФ Девелапмент», які з’яўляецца замоўцам гатэлю і незаконна хочуць перакапаць тэрыторыю таварыства ўласнікаў, не ўзгадняючы праекту з жыхарамі дому, для ўкладання і замены дзейнай цеплатрасы», – распавёў Мікалай Касценка, старшыня ўласнікаў.

Сутнасць праблемы

Канфлікт узнік не толькі таму, што да старых камунікацыяў хочуць падключыць шматпавярховы навабуд. Мясцовыя жыхары апасаюцца, што пасля працаў іхны дом дасць усадку і могуць пайсці шчыліны. Тое самае адбылося з суседнімі будынкамі ў часе будоўлі. Пры гэтым дазвол у будаўнікоў на працы на вуліцы Савецкая, чаму яны прыйшлі ў двор на Маякоўскага, мясцовым жыхарам на гэтае пытанне нават не адказваюць.

«Таварыства ўласнікаў неаднаразова звярталася ў Берасцейскі аблвыканкам і ў пратаколе запісана – прадставіць для ўзгаднення дакументацыю. Замоўца адказаў, што яны не абавязаныя нічога прадстаўляць», – тлумачыць Фёдар Петрусевіч, адмысловец у галіне будаўніцтва.

Мясцовыя жыхары самастойна разгарадзілі месца для будучых працаў

Яны лічаць, што маюць рацыю, бо ніхто з будаўнікоў не ўзгадняў з імі праекту. А адзінае, што абяцаюць гарантаваць забудоўнікі, – цяпло ў батарэях.

Паводле інфармацыі «Белсату», па паперах гэтае будаўніцтва мае назву «рэканструкцыя будынкаў 43 і 45 на вуліцы Савецкая ў Берасці». Насамрэч, гэта навабуд, але дазволу аб зруйнаванні былых будынкаў у забудоўнікаў няма. Ёсць толькі завярэнні з боку Будтрэсту № 8, што ўсё згодна з правам.

Заснавальнік кампаніі «МФБ Девелапмент», якая будуе гатэль у гістарычным цэнтры Берасця, – кампанія з Чэхіі. Паводле медыяў, фірма ўжо інвеставала ў будоўлю $ 10 млн, будаўніцтва гатэлю не скончылі, але забудоўнікі ўжо прадаюць у ім квадратныя метры.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат», фота: Johannes Eisele / Reuters / Forum