Берасцейшчына. Акцыянернае таварыства і вернікі не могуць падзяліць дом


Не толькі богаслужэнні, але і нядзельную школу, сустрэчы з пенсіянерамі ды людзьмі з алкагольнаю залежнасцю хацеў бы прыводзіць ксёндз з вёскі Воўчын Камянецкага раёну Андрэй Бародзіч. Але няма дзе.

Адмыслова пабудаванае для гэтага памяшканне ў свой час адабрала савецкая ўлада, а цяперашняя не хоча будынку вяртаць.

«Шмат мы звярталіся і ў адміністрацыю прэзідэнта, і ў райвыканкам, і аблвыканкам. Звярталіся з ліставаннямі, прасілі, каб гэты дом аддалі нам, гэты парафіяльны дом. Нажаль, апошняй датай 16-га кастрычніка прыйшоў адказ, што негатыўна яны адказваюць нам. Не хочуць аддаць дом парафіяльны», – сведчыць Андрэй Бародзіч, пробашч парафіі Святой Троіцы.

Музей бачыце? Не? А ён ёсць!

Паразмаўляць з кіраўніцтвам таварыства «Усход-Камянец», якому належыць будынак, нам не ўдалося. У іхнай жа афіцыйнай адмове, якую нядаўна атрымаў ксёндз Андрэй, забудову назвалі музеем. Які музей месціцца ў былым парафіяльным доме, мы пабачылі на ўласныя вочы. Цяпер дом стаіць з новым дахам і вокнамі, але цалкам пусты. Нават плот вакол яго ўласнік разабраў.

«Cтаіць жа, ніхто там нічога не робіць, адзін хлам у гэтай плябаніі. Чаму не аддаць?», – наракае прыхаджанка касцёлу.

Парафіяльны дом збудавалі ў 1924-ым годзе

У ім адбывалася рэлігійнае навучанне. Цяпер будынак прыдаўся б і для нядзельнай школы, і для сустрэчаў з прыхаджанамі, і для прыезджых гасцей.

«Мы таксама хацелі бы пасядзець, паразмаўляць на рэлігійныя тэмы. А куды падзецца, куды сабрацца? Турысты прыязджаюць – няма куды падзецца людзям. Пасядзець адпачыць быў бы пакой. А няма куды падзецца, стаяць на вуліцы», – абураецца яшчэ адна прыхаджанка касцёлу.

Турыстаў бывае шмат

У касцёле Святой Тройцы ў вёсцы Воўчын быў хрышчоны і пахаваны апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Касцёл збудавалі ў 1733-ім годзе, ён моцна пашкоджаны ў савецкі час. Ужо некалькі гадоў рэстаўруюць святыню – цалкам на прыватныя ахвяраванні, дапамагаюць заходнія спонсары. На 80 % рэстаўрацыю ўжо скончылі. А вось вярнуць невялікі, але такі патрэбны будынак парафіяльнага дому ніяк не ўдаецца.

Таццяна Белашова, «Белсат», фота: Sergey Kovalev / donbassforum.net