Белстат маўчыць пра нявыплаты


Больш за сотню арганізацыяў, большасць з іх дзяржаўных, у снежні не былі ў стане разлічыцца з працаўнікамі своечасова. Чаму гэтую інфармацыю засакрэцілі?

А ў гэтым месяцы Беларускі статыстычны камітэт ужо не абнародаваў штомесячнай справаздачы аб пратэрмінаванай запазычанасці заробкаў. Паводле інфармацыі нашага тэлеканалу, з новага года гэты дакумент выдалілі з плану публікацыяў.

Затрымкі заробкаў на месяц. У гэткіх умовах работнікі менскага Вопытнага заводу металаканструкцый працуюць з мінулага верасня.

Паводле работнікаў прадпрыемства, палова з іх цяпер знаходзіцца ў змушаным адпачынку – атрымліваючы менш паўтарох мільёнаў рублёў на месяц. Але і гэтыя грошы прыходзяць з хранічным спазненнем.

«Апошні раз затрымалі на паўтара месяца. Цяпер – час выплаты новага заробку. І некадькі дзён таму разлічыліся са старой. Тобок за мінулы месяц мы яшчэ будзем чакаць немаведама колькі аплаты працы», – кажа Аляксандр, працаўнік менскага Вопытнага заводу металаканструкцый.

Паводле пракурора Менску Сяргея Хмарука, на сённяшні дзень запазычанасць па заробках у сталіцы маюць толькі тры прадпрыемствы. Менавіта такую колькасць у Менску пералічаў па выніках снежня Белстат. Але гэтыя дадзеныя – відавочна, няпоўныя, бо, напрыклад Менскага вопытнага заводу металаканструкцый у гэтым спісе не было. Па ўсёй Беларусі Белстат налічыў у снежні 141 арганізацыю, якія затрымлівалі заробкі, што на 20% больш, чым за год да гэтага. Дадзеныя за студзень нацыянальны камітэт спачатку затрымаў на тыдзень, а потым – увогуле прыбраў гэтыя дадзеныя з месячнага плану публікацый.

«Магчыма толькі па гэтай прычыне, што ня вельмі добры малюнак вымалёўваецца, Белстат не дае поўнай інфармацыі па заробках на прадпрыемствах», – мяркуе старшыня прафсаюзы РЭП Генадзь Фядыніч.

У тым, што затрымкі заробкаў рэзка павялічыліся, асабліва на маленькіх рэгіянальных прадпрыемствах, незалежныя прафсаюзы не сумняюцца. Нават паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту, у студзені абʼём айчыннай прамысловасі абваліўся амаль на 7% у параўнанні з мінулым студзенем, калі ён таксама абваліўся амаль на столькі ж.

Адказ на гэта кіраўнік краіны агучыў на сённяшняй нарадзе савету міністраў, па выніках правалу антыкрызіснай праграмы:

«Мне вашыя рэформы зусім не патрэбныя. Тыя, што вы прапануеце. Мы павінны старыць нармальнае функцыяванне дзяржавы і нашага грамадзтва».

Работнікі Менскага Вопытнага заводу металаканструкцый сваю сітуацыю, аднак, нармальнай ня лічаць.

Між тым, Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў сёння, што спадзявацца на крэдыт Міжнароднага валютнага фонду пакуль ня варта. Паводле кіраўніка краіны, на ўмовах афіцыйнага Менску, тобок, як гэта тлумачаць незалежныя эканамісты – на праяданне, фонд грошай даваць адмаўляецца.

Станіслаў Івашкевіч, Белсат