Белстат: айчынная эканоміка спаралізаваная на чвэрць


Вышэй за калена

Калі глядзець на рост чалавека, тады прыкладна вышэй за калена – пагрузілася беларуская эканоміка ў багну неплацяжоў, калі рэпрэзентаваць гэта ў прапорцыях чалавечага цела. Ад пачатку году пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасць, то бок – грошы, якія прадпрыемствы не атрымалі своечасова за прададзены тавар, павялічылася на 20 % і складае цяпер чвэрць ад агульнай.

Горш было толькі 20 гадоў таму

Пратэрмінаваная запазычанасць прадпрыемстваў перад банкамі павялічылася ад пачатку году ўдвая. Нявернутыя пазыкі цяпер складаюць больш за 14 % ад усіх банкаўскіх актываў. Вышэйшым – на ўзроўні пятнаццаці адсоткаў, гэты паказнік фіксавалі 20 гадоў таму – напярэдадні крызісу 1997 году.

«Калі сыходзіць з паказнікаў банкаўскай сістэмы, то яны пакуль, у асноўным, утрымліваюцца ў рамках усталяваных Нацбанкам нарматываў, у прыватнасці, за кошт тых формаў падтрымкі, якія ў яўнай і схаванай форме існуюць. Але ў асобных банкаў яны балансуюць ужо на мяжы фолу», – зазначыў Леанід Фрыдкін, «Экономическая газета».

Крах банкаўскай сістэмы ў руках насельніцтва

Па выніках інспекцыі айчыннай банкаўскай сістэмы, якую сёлета праводзіў Міжнародны валютны фонд – недахоп грошай для абслугоўвання сваіх абавязкаў назіраюцца ў чатырох найбуйнейшых банках, а двум з іх ужо неадкладна патрэбная ратаванне з боку дзяржавы. Адмыслоўцы мяркуюць, што, у сярэднетэрміновай перспектыве дзяржава аказаць такую падтрымку банкам зможа, калі толькі насельніцтва не пачне панічна забіраць свае ўклады. Але ўрон ад гэтых выдаткаў для бюджэту беларусы адчуюць на сабе з найбліжэйшай будучыні.

Варта чакаць новай хвалі звальненняў

«На многіх дзяржпрадпрыемствах і раней існавала завялікая колькасць працаўнікоў, таму ім прыйдзецца развітвацца з імі, у прыватнасці, у тым ліку і таму, што наяўнасць пазыкаў больш не дазваляе несці выдаткі па ўтрыманні такога персаналу», – патлумачыў Леанід Фрыдкін.

Лукашэнка: Нічога не змяняйце!

Адмыслоўцы канстатуюць – надалей цяжар падтрымкі неэфектыўнай вытворчасці на бюджэт будзе павялічвацца ў геаметрычнай прагрэсіі. Тым ня менш, у панядзелак Аляксандр Лукашэнка заявіў, што зменаў у дзейнай палітыцы ня будзе і, у прыватнасці, забараніў банкрутаваць стратныя прадпрыемствы і калгасы.

«Вельмі дзіўная заява, улічваючы, што, пачынаючы з мінулага году, адмысловая ўрадавая камісія – гэтак званы клуб крэдытораў падрабязна вывучаў сітуацыю на неплацежаздольных прадпрыемствах і асобна выдзеліў тыя, якім дапамагчы, якіх рэанімаваць ужо немагчыма», – здзівіўся аналітык Вадзім Іосуб.

Адмыслоўцы падсумоўваюць, паколькі рэформы так і не праводзяцца, далейшая здольнасць уладаў ратаваць прадпрыемствы ды банкі ад банкруцтва будзе залежаць ад магчымасці рабіць новыя замежныя пазыкі. Налета ўрад плануе пазычыць $ 3 млрд. ад МВФ ды яшчэ каля $ 1 млрд. на замежных фондавых рынках. Калі гэтую суму ня ўдасца пазычыць ані з названых крыніцаў ані з іншых, краіны могуць сутыкнуцца з дэфолтам ужо налета.

Станіслаў Івашкевіч, Менск