Аб'ектыў 12.07.2017 «Белсат» вывучыў сваіх гледачоў. Хвіліначка фанабэрства


Амаль 10 гадоў таму пачынаў сваю працу першы незалежны тэлеканал Беларусі. Спачатку інфармацыйныя выданні «Белсату» з Варшавы зрывалі інфармацыйную блакаду, створаную ўладамі Беларусі. Хоць першыя месяцы трансляцыі сабралі даволі сціплую аўдыторыю, сёння ў некаторых месцах Беларусі цяжка знайсці асобу, якая б не чула пра наш тэлеканал.

«Мне падабаецца, што на «Белсаце» кажуць праўду, тое, што хаваюць ад нашага народу. Беларускае тэлебачанне ўвогуле не ўключаю, там хлусня».

«Я пераважна гляджу выданні навінаў «Белсату». Мне падаецца, што ён найбольш абʼектыўны на навінах».

«Галоўнае факты, а высновы рабі сам. У гэтым ягоная вартасць».

– робяць менчукі кампліменты «Белсату».

Аптымістычнае сацыялагічнае даследаванне

«Фірма SATIO з якой мы супрацоўнічаем зрабіла даследаванне па выбарцы больш як 3 000 чалавек. Гэта сурʼёзная колькасць людзей. Мы лічым, што вынікі, якія мы атрымалі, яны верагодныя», – удакладніў намеснік дырэктара «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі.

Вынікі даследавання паказалі: цяпер кожны трэці дарослы беларус ведае пра існаванне незалежнага тэлеканалу. За апошнія тры гады аўдыторыя «Белсату» вырасла ўдвая. Цяпер нас глядзяць 10 % дарослага насельніцтва, то бок больш за 750 000 жыхароў краіны. Звыш 60 % з іх – гэта асобы ва ўзросце ад 25 да 54 гадоў. Значная частка нашых гледачоў жыве ў паселішчах з насельніцтвам да 50 000 чалавек. Больш за 80 % давярае «Белсату».

Гэтыя лічбы могуць быць нашмат вышэйшыя

«Лічба якой мы цешымся (750 тыс.) гэта выключна жыхары Беларусі. Нас таксама актыўна глядзяць жыхары Украіны, пра што мы дакладна ведаем, а таксама жыхары іншых краінаў. На нашай старонцы belsat.eu 20% наведнікаў гэта жыхары іншых краінаў», – тлумачыць кіраўніца інтэрнэт-рэдакцыі Вольга Швед.

Новы поспех «Белсату» эксперты звязваюць, між іншага, з апошнімі падзеямі ў Беларусі. У сакавіку ў краіне прайшлі масавыя пратэсты супраць дармаедаўскага дэкрэту і збяднення насельніцтва.

Нашыя журналісты ўвесь час у цэнтры гарачых падзеяў

А гэта значыць, што незалежны спадарожнікавы тэлеканал можа мець усё большы ўплыў на далейшыя змены ў медыйнай прасторы Беларусі.

«Белсат дае слова людзям у правінцыі, дае слова людзям бедным, тэлеканал паказвае іх жыццё знутры. Гэта тое, чаго дзяржаўныя каналы, якія адлюстроўваюць дзяржаўную ідэалогію, ніколі не зробяць», – тлумачыць сакрэт поспеху незалежная журналістка Ірына Чарняўка.

Канал працягвае развівацца

У чэрвені нашыя гледачы атрымалі новую праграму «Вот так», разлічаную на расейскамоўную аўдыторыю ў былых постсавецкіх краінах. У статыстыках стала заўважна, што на старонку пачалі заходзіць людзі з Грузіі і Казахстану».

«Белсат» таксама даступны ў Расеі, у акупаваным Крыме і ва Ўкраіне. Супрацьстаяць крамлёўскай прапагандзе таксама за межамі Беларусі – адна з галоўных сучасных задачаў.

Ян Бабіцкі, «Белсат», фота: Herve Maillet / voller Ernst / Forum

Глядзі таксама
Каментары