Белсат пад ударам сілавікоў. Ціск на журналістаў бʼе рэкорды


Толькі цягам апошніх двух тыдняў затрымана ў два разы больш журналістаў, чымся за ўвесь мінулы год. Паляванне з боку спецслужбаў ідзе ў першую чаргу на тых рэпарцёраў, якія онлайн асвятляюць Маршы недармаедаў. Пад рэпрэсіўны каток найчасцей трапляюць журналісты, якія супрацоўнічаюць з «Белсатам».

З пачатку 2017 года былі затрыманыя 34 журналісты

Самыя рэзанансавыя затрыманні адбыліся ў мінулую суботу, калі на журналістаў «Белсату» сілавікі зладзілі сапраўднае паляванне па ўсёй краіне.

Пра тое, што было ў барысаўскім РАУСе, распавяла Вольга Чайчыц, падчас прэс-канферэнцыі ў Беларускай асацыяцыі журналістаў.

«Калі выключыць тое, што было ў прамым эфіры і па-за камераю, канешне псіхалагічны ціск быў. Мяне вельмі абурыла, што ў час вобшуку, яны хацелі каб я распранулася і здымаць гэта ўсе на відэакамеру. Я лічу што гэта адзін са спосабаў катавання і прыніжэння», – падзялілася журналістка.

Чаму менавіта журналісты «Белсату» прыцягнулі ўвагу сілавікоў?

Адказ на такое пытанне мае кіраўніца Менскага бюро нашага тэлеканалу, Святлана Калінкіна.

«Белсат паказвае што адбываецца, людзі на свае вочы могуць бачыць, як дзейнічаюць міліцыянты, што кажуць людзі ў рэгіёнах. Супрацоўнікаў Белсату нельга абвінаваціць, што яны не тую рэальнасць падаюць. І гэта для ўладаў самае страшнае», – упэўненая спадарыня Калінкіна.

Улады пагражаюць забраць сына ў журналісткі

Некалькі гадзінаў у РАУСе, пашкоджаная тэхніка, штрафы, а таксама верагоднасць адміністратыўнага арышту, гэта ўжо звыклая прафесійная рызыка, з якой усцяж сутыкаюцца незалежныя журналісты. Але ў Гомлі мясцовыя ўлады пайшлі яшчэ далей: у Ларысы Шчыраковай, якая супрацоўнічае з «Белсатам», пагражаюць забраць сына.

«Гэта была прафілактычная гутарка, яны сказалі што я займаюся супрацьпраўнай дзейнасцю, што з-за гэтага ў мяне могуць быць праблемы з дзіцем, што сямʼя будзе пастаўленая ў стан «небяспечнай сямʼі» і гэта будзе падстава, каб пазней распачаць працэдуру адабрання дзіцяці. Такім чынам з-за маёй дзейнасці дзіця можа апынуцца ў інтэрнаце, такая размова была з маёй матуляю» – дзеліцца Ларыса.

Журналістаў прымушаюць замаўчаць

Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, за ўвесь мінулы год у Беларусі затрымалі менш рэпарцёраў, чымся за апошні месяц, з пачатку пратэстаў супраць прэзідэнцкага Дэкрэту №3. Дзяржаўныя медыі проста ігнаруюць рэакцыю людзей на Дэкрэт аб дармаедах. Сваё абурэнне дзеяннямі ўлады, умовамі жыцця і працы беларусы могуць выказаць толькі праз незалежныя медыі. Ціск на журналістаў – гэта спроба замаўчаць падзеі сёлетняй вясны, кажуць адмыслоўцы.

Пераслед журналістаў – крымінальнае злачынства

У сераду прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў маюць намер сустрэцца з намеснікам міністра ўнутраных справаў Мікалаем Мельчанкам і нагадаць, што перашкода працы журналістаў гэта, згодна беларускаму заканадаўству, злачынства.

Ужо найбліжэйшым часам калегі плануюць падаць заявы аб прыцягненні да крымінальнай адказнасці тых працаўнікоў міліцыі, якія перашкаджаюць нам выконваць свае прафесійныя абавязкі. Міліцыянтам варта было б перагартаць Крымінальны кодэкс і ўзгадаць, што перашкода працы журналістаў караецца тэрмінам да 3 гадоў пазбаўлення волі.

Пераслед журналістаў спланаваная акцыя

18 сакавіка беларуская міліцыя і спецслужбы зладзілі скаардынаваную па ўсёй краіне акцыю запалохвання журналістаў, асабліва тых, хто супрацоўнічае з «Белсатам».

Акрамя пераследу здымачных груп у Воршы (затрыманыя Кацярына Андрэева і Аляксандр Баразенка) ды Барысаве (журналістка Вольга Чайчыц і аператар Сяргей Кавалёў) затрыманні журналістаў, што супрацоўнічаюць з нашым тэлеканалам, адбываліся па ўсёй краіне.

У Кобрыне схапілі Алеся Ляўчука і Мілану Харытонаву, якія супрацоўнічаюць з «Белсатам»: у іх міліцыянты пабілі тэхніку і пагражалі ў пастарунку.

У Гомлі міліцыя затрымала машыну журналісткі Ларысы Шчыраковай праз фармальную прычыну: нібыта аўта ўгнанае. Таксама на Гомельшчыне спынілі аператара Андрэя Толчына і тэлежурналіста Кастуся Жукоўскага, які кіраваў уласным аўтам. Супрацоўнікі ДАІ патрабавалі паказаць, што знаходзіцца ў багажніку, а потым цягам некалькіх гадзінаў не аддавалі дакументы.

На Віцебшчыне міліцыянты затрымалі журналістаў Сяргея Русецкага і Уладзіміра Лунёва. Іх даставілі ў Полацкі РАУС. Паводле міліцыянтаў, прычына спынення ў тым, што 1 сакавіка ў вёсцы Фарынава адбыўся разбойны напад, і аўта, на якім перасоўваліся журналісты, падобнае на аўта, якое фігуруе ў справе па разбойным нападзе.

За некалькі дзён да гэтага праваахоўнікі перашкаджалі выкананню службовых абавязкаў журналістаў Алеся Залеўскага і Вольгі Давыдавай, калі тыя скіроўваліся ў Горадню, каб весці стрым з акцыі недармаедаў, парцаўнікі дзяржаўтаінспекцыі затрымалі аўта і не адпускалі журналістаў цягам некалькіх гадзінаў.

Машыну з журналістам Яўгенам Меркісам заблакавалі на пад’ездзе да Рагачова: ДАІ перакрыла дарогу нібыта дзеля правядзення следчага эксперыменту. Нашаму калезе, аднак, удалося трапіць на кцыю пратэсту. Супраць яго заведзеная адміністрацыйная справа за нібыта “нелагальны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”.

14 сакавіка Сяргей Пятрухін, аўтар і вядоўца «Народнага рэпартэру» атрымаў 15 содняў арышту завочна за ўдзел ў «Маршы недармаедаў» у Берасці. 15 содняў атрымаў другі ўдзельнік праекту «Народны рэпартэр», відэааператар Дмзітры Гарбуноў.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат»