Аб'ектыў 10.12.2017 «Белсат» адзначыў юбілей у былым інстытуце цэнзуравання


10! Менавіта столькі гадоў спатрэбілася нашаму тэлеканалу каб з нуля пабудаваць прафесійнае і сучаснае ТБ, якое мае ўплыў і якога баяцца беларускія ўлады.

З нагоды юбілею наш калектыў сабраўся разам і сімвалічна, што канферынцыйная частка спаткання праходзіла ў інстытуце цэнзуравання, які існаваў у сталіцы Польшчы падчас савецкай улады. Цяпер тут святкуе сваё дзесяцігоддзе першы незалежны беларускі тэлеканал!

За 10 гадоў у межах найбуйнейшага польска-беларускага медыяпраекту працавалі і працуюць сотні людзей. Большая частка калектыву сабралася напярэдадні ў Варшаве, каб абмеркаваць важныя пытанні і адсвяткаваць ужо сапраўдны юбілей.

«Гэта ўжо дастаткова шмат і гэта значыць, што мы вышлі з дзіцячага ўзросту і цяпер больш падобныя на падлеткаў, але ў нашым выпадку гэта гіганцкая дарога. Я не магу паверыць», – кажа дырэктар «Белсату» Агнешка Рамашэўская.

Дарога сапраўды немалая, бо ў 2007-м мала хто верыў у поспех тэлеканалу для Беларусі, і нават амерыканскія медыі, якія пытанне вывучалі, ад гэткага праекту адмовіліся з прычыны вялікай небяспекі і дарагавізны.

«На самым пачатку падавалася, што мы зможам дайсці да такога ўзроўню, на якім знаходзімся, значна хутчэй. Але паколькі мы пачыналі з нуля (раней практычна ніхто не працаваў на тэлебачанні), таму аказалася што 10 гадоў гэта акурат патрэбны тэрмін, каб дайсці да такога ўзроўню на якім мы цяпер знаходзімся», – адзначае намеснік дырэктара «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі.

Цяпер жа «Белсат» – гэта дзясяткі рэйтынгавых праграмаў пра культуру, гісторыю, палітыку, моцная дакументалістыка, якая перамагае нават на дзяржаўным узроўні, і, вядома, самае галоўнае: некалькі гадзінаў жывога інфармацыйнага эфіру, у якім абмяркоўваюцца самыя вострыя для Беларусі навіны.

«Вельмі файна што бачны вынік гэтых 10-ці гадоў! Ён цудоўны і гэта вельмі крута! Нас глядзяць нас баяцца. Усе што трэба для тэлебачання – каб выконваліся два крытэры: каб яго глядзелі і яго баяліся», – мяркуе прадстаўнік «Белсату» у Беларусі Аляксей Мінчонак.

І доказаў таго, што баяцца, шмат: за 10 гадоў журналісты «Белсату» правялі за кратамі 125 дзён і заплацілі ў беларускі бюджэт больш 28 000 долараў розных штрафаў і пакаранняў за працу без акрэдытацыі! А паводле апошніх звестак каля 750 000 людзей, старэйшых за 18 гадоў, глядзяць «Белсат» пастаянна. Ёсць планы і на наступныя 10 гадоў!

«Паколькі мы ўжо знаходзімся на даволі высокім узроўні, мы ўмеем рабіць тэлебачанне – трэба паляпшаць тое, што мы маем. Трэба шукаць новых гледачоў: тэлебачанне існуе для гледачоў. І яшчэ перадусім трэба думаць пра тое, як цягам наступных дзесяці гадоў пераехаць у Беларусь і пачаць там рабіць нармальнае еўрапейскае тэлебачанне па-беларуску і без цэнзуры», – кажа Аляксей Дзікавіцкі.

Таксама ў планах паляпшэнне тэхнічных момантаў і выхад на новыя сацыяльныя пляцоўкі. Пакуль жа для сваіх калегаў ініцыятарка праекту зычыць наступнае.

«Зычу, па-першае, больш спакою каб міліцыя не чапала і апрача гэтага, крэатыўнасці, каб мелі больш ідэяў! Бо рака якая перастае цечы і пачынае стаяць, зарастае і робіцца з гэтага лужына, балота», – кажа дырэктарка «Белсату».

Але, судзячы з дынамікі, пакуль пра гэта гаворка не вядзецца, а 10 гадоў для праекту такога маштабу – гэта самы пачатак.

Кірыл Смяглікаў, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары