Аб'ектыў 26.06.2018 «Белэнерга» замест утылізацыі нафтапрадуктаў забруджвае прыроду і беларусаў


Атрутныя азёры з нафтапрадуктавых адкідаў знайшла нашая здымачная група ў Бабруйскім раёне – за некалькі дзясяткаў метраў ад сельскагаспадарчых палёў. Участак арандуе кампанія, якая належыць да канцэрну «Белэнерга» і мае там займацца перапрацоўкай ды бяспечнай ліквідацыяй гэтых адкідаў. Між тым замест ліквідацыі сотні тонаў адкідаў пад прыкрыццём мясцовых органаў кантролю папросту закапваюць у зямлю.

Маленькая чыгуначная станцыя Цялуша, за 20 кіламетраў ад Бабруйску. З аднаго боку чыгуначнага палатна невялічкая вёска. З другога – бураковыя палі, прызначаныя, паводле мясцовых жыхароў, для вырабу цукру. Паміж палямі ды чыгункай вузкая лесапаласа, у якой гадамі, наўпрост у зямлю зліваюцца сотні тон атрутных адкідаў.

«Расліны, якія растуць на такой глебе, могуць утрымліваць рэшткі нафтапрадуктаў. Адпаведна, гэта не надта добра для чалавека. Самае небяспечнае, гэта тое, што нафта можа трапляць у падземныя воды», – кажа каардынатарка з «Цэнтру экалагічных рашэнняў» Наталля Парэчына.

Участак, на якім разліваюцца вуглевадародныя адкіды, арандуе прыватная кампанія з замежным капіталам «Белкацёлачыстка» – чалец дзяржаўнага вытворчага аб‘яднання «Белэнерга». Фірма ўзяла гэтую зямлю пад будаўніцтва базы для перапрацоўвання гэтых самых адкідаў. Але новая апаратура, закупленая на гэтыя мэты, стаіць паўзапакаваная на вуліцы. Затое, за новапабудаванай агароджай базы, на ўчастку, арандаваным «Белкацёлачысткай», відавочныя сляды працы экскаватараў – закопвалі мазут, выліты на зямлю. У цёплае надвор’е закапАныя вуглевадароды прабіваюцца праз пясок на паверхню і распаўсюджваюцца праз грунтовыя воды пад зямлёй.

«Для таго, каб экасістэма магла ачысціцца ад забруджвання, можа спатрэбіцца да 10-15 гадоў», – кажа каардынатарка з «Цэнтру экалагічных рашэнняў» Наталля Парэчына.

Наяўнасць базы, якая нібыта перапрацоўвае адкіды, дазваляе «Белкацёлачыстцы» атрымліваць падрады на сотні тысяч долараў – дзеля ўтылізацыі адкідаў з мазутных рэзервуараў на кацельнях і цеплаэлектрацэнтралях «Белэнерга». Прычым аплата, якую яна за гэта бярэ ў дзяржавы, – у некалькі разоў перавышае рынкавы кошт.

Але, як выявіла нашае ранейшае расследаванне, пры ліквідацыі рэзервуара на Рагачоўскай кацельні, сотні тон мазуту былі закапаныя проста ў зямлю. Як распавядаюць інсайдары, кіраўніцтва кацельні было вымушанае гэта пакрываць, бо падпісала акт выкананых працаў да таго, як яны былі пачатыя, – каб запісаць выдаткаваныя сродкі ў папярэдні каляндарны год.

«У дзеяннях службовых асобаў, можна сказаць, што прысутнічае шэраг злачынстваў. Гэта, і службовы падлог, і злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі. Тут таксама будуць растраты, раскраданні», – кажа былы старэйшы следчы пракуратуры Алег Волчак.

У адказ на тое нашае расследаванне, «Белэнерга» запісала афіцыйны відэазварот.

«Ананімныя выдумкі аб закопванні ста тон мазута не маюць пад сабой ніякіх падставаў».

Пасля гэтага наша здымачная група зноў выехала на месца падзеяў і пабачыла, што за тры тыдні, з моманту выхаду нашага расследавання па Рагачове, у праграме «Белсату» «Давайце разбірацца», закапаны мазут быў перахаваны. Між тым, нягледзячы на звароты ў пракуратуру ад дэпутаткі Ганны Канапацкай і ў КДК ды Мінпрыроды – ад грамадскага аб‘яднання «Экадом», праверкі на кацельні, за тры тыдні, гэтак і не адбылося.

«Гэта ўсё лёгка вызначаецца. Значыць, няма каманды правяраць і праводзіць паўнавартасную праверку», – кажа Алег Волчак.

Што да мазутных разліваў у Цялушы, мясцовыя жыхары распавядаюць, што нафтапрадукты там злівалі ў зямлю і да прыходу «Белкацёлачысткі».

«Не было куды зліваць. Выкапалі проста ў зямлі ды злівалі наўпрост у зямлю. Мазут злівалі, дзёгаць. Смала раней была, потым спынілася. Потым яе закапвалі», – кажа жыхар вёскі Цялуша Аляксандр Бокач.

У дарожна-транспартнай управе «Белчыгункі», якой належыць участак, нам заявілі, што частку адказнасці за забруджванне нясе і «Белкацёлачыстка». На сённяшні дзень прыватная фірма «Белкацёлачыстка» ёсць манапалістам у канцэрне «Белэнерга» ў ачышчэнні катлоў і мазутных рэзервуараў. Як паказала нашае ранейшае расследаванне, фірма завышае расцэнкі на свае паслугі ў разы, у параўнанні з рынкавымі коштамі, што павялічвае сабекошт на цяпло і электрычнасць для насельніцтва.

Станіслаў Івашкевіч belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары