Аб'ектыў 17.07.2017 Беларусы змагаюцца за лес: спачатку Бараўляны, цяпер Магілёў


Пячэрскі лесапарк – унікальны лясны масіў у межах Магілёва, якім можа пахваліцца далёка не кожны горад. Тут растуць векавыя дрэвы, асобныя ж расліны – занесеныя ў Чырвоную кнігу. Аднак лёс лесапарку непакоіць грамадскіх актывістаў. Яны сцвярджаюць, што праз умяшанне ўладаў гэтае ціхае месца рызыкуе страціць свой некрануты стан.

«Неабыякавыя жыхары на пачатку года выйшлі прагуляцца ў Печэрск і заўважылі, што тут адбываюцца незразумелыя зʼявы: вырубаецца цэлая плантацыя дрэваў, кустарніка, арэха і гэтак далей», – распавяла «Белсату» актывістка Юлія Шустава.

Магілёўцы накіроўваюць запыты ў дзяржаўныя інстанцыі

Прыхільнікі парку даведаліся, што адбылася карэктыроўка генплану гораду, у адпаведнасці з якім змяніўся статус выкарыстання тэрыторыі лесапарку.

«Гэта стаў парк з высокімі нагрузкамі, яго перавялі з прыроднага парку ў парк па сутнасці мясцовага значэння. Адпаведна, мяняецца рэжым яго гаспадарчага выкарыстання. Што азначае, што тут ёсць заканадаўчыя магчымасці больш актыўна ўмешвацца ў прыроду», – патлумачыў рашэнне ўладаў грамадскі актывіст Леанід Платоненка.

Гэта развязала рукі «МагілёўЗелянбуду», які распачаў тут масавае высяканне дрэваў.

У далейшых планах – забудова масіву

«На тэрыторыі былога пітомніка планавалі пабудаваць футбольны манеж і аквапарк. На дадзены момант будоўля – невядомы пачатак гэтага працэсу, калі пачнецца, таму, што няма інвестараў. Адпаведна мы, як ініцыятыўная група, прапаноўваем да пачатку ўсіх мерапрыемстваў стварыць тут парк», – заявіў Мікалай Казакоў, змагар за зялёны Магілёў.

Прапанаваны план агульнагарадскога парку актывісты перадалі ў гарвыканкам, савет дэпутатаў і адміністрацыю прэзідэнта. На думку актывістаў, ён дазволіць знізіць нагрузку на ўнікальны прыродны масіў – будзе выконваць ролю буфернай зоны для лесапарку і створыць дадатковае месца для адпачынку, якога не хапае ў мікрараёне Спадарожнік.

Актывісты распачалі збор подпісаў

Прыхільнікі забароны ў Печэрску гаспадарчай дзейнасці і надання лесапарку статусу помніка прыроды актыўна пакідаюць свае імёны пад петыцыяй. Падпісаліся ўжо больш за тысячу чалавек.

Паведаміць, ці згодныя ўлады падтрымаць ідэю стварэння парку і надання Пячэрскаму лесапарку ахоўнага статусу, Магілёўскі гарвыканкам мусіць цягам месяца. Аднак ужо цяпер намаганні актывістаў далі прамежкавыя вынікі: «Зелянбуд» спыніў высяканне дрэваў, а гарвыканкам прыняў рашэнне аб выдзяленні асобнай тэрыторыі, на якой можна будзе карыстацца мангалам і ладзіць пікнікі.

Юлія Лабанава, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары