Беларусы могуць застацца без заробкаў


Заробкі ў траўні выраслі, узнёсла рапартуе Статыстычны камітэт. Аднак незалежныя эканамісты сумняюцца наконт сапраўднай вартасці гэтых выплат ды папярэджваюць – дырэктыўныя захады могуць наагул абваліць эканоміку.

Добры заробак Аляксандр Лукашэнка абяцаў кожнаму.

«Настаўнікі, дактары, культурныя і сацыяльныя работнікі, тыя, хто глядзіць нашых дзяцей у дзіцячых садках, хто няньчыцца з імі не толькі ў садках, але і ў школах. Вар’яцтва – трымаць на галодным пайку гэтых людзей. А праз пару гадоў мы мусім да той жа тысячы падысці і ў сельскай гаспадарцы».

Гады ідуць, але заробкі топчуцца на месцы.

Зніжаліся ў лютым, аднаўляліся ў сакавіку, потым зноў падзенне ды рост. У траўні сярэднія выплаты, паводле Белстату, склалі амаль 944 рублі на месяц, найбольшы рост – на Гомельшчыне і Віцебшчыне. Да запаветных «па пяцьсот» засталося каля 30-ці долараў…

Жыхары і госці Глыбокага:

«Ці ў мяне 9,5 заробак? Нават больш!».

«300 рублёў».

«У нас у саўгасе 100 рублёў самае вялікае, бывае 150».

«Ну канечне ж, цэны ў нас хутчэй растуць, пра што ж вы кажаце!»

«Напэўна, праз тое, што палітыка няправільная ў прэзідэнта – ён робіць усё толькі для сябе: пад сябе заціскае, не дае людзям зарабляць, як раней зараблялі свабодна».

Самы вялікі заробак традыцыйна трымаюць айцішнікі, а вось антырэйтынг узначальвае сельская гаспадарка. Менавіта там, а яшчэ ў сацыяльнай галіне, чыноўнікі вымушаныя ісці на штучнае павышэнне заробкаў.

«Дзяржава не збіраецца іх выплочваць, дзяржава збіраецца іх выціснуць з кіраўнікоў прадпрыемстваў. А якім чынам? Ёсць толькі адзін спосаб – павышаць прадукцыйнасць працы», – кажа эканаміст Леанід Марголін.

І тут – замкнёнае кола: прадукцыйнасць працы ніяк не павысіць без сістэматычных інвестыцыяў у тэхналогіі прадпрыемства. Бо любое абсталяванне старэе і патрабуе замены, а дарагой прадукцыі ніхто не купляе. А вось што замінае інвестыцыям?

«У нас няма нармальнай прававой сістэмы, інвестары не адчуваюць сябе абароненымі. А ў нас гэта робіцца проста», – кажа Леанід Марголін.

Дык што ж атрымліваецца? Без інвестараў, якія бягуць ад нашай краіны, няма прадукцыйнасці працы, а без прадукцыйнасці – і сапраўдных, «заробленых» заробкаў.

«Даручаю зрабіць больш жорсткай падрыхтоўку бізнес-планаў ды інвестыцыйных праектаў. Менш сценаў, больш абсталявання!»

Але ж менавіта праз жорсткі кантроль, свавольныя патрабаванні і адсутнасць умоваў для інвестыцыяў у нашую краіну і не ўкладаюць замежнікі, заўважае эканаміст Леў Марголін. Паводле адмыслоўца, галоўная мэта Лукашэнкі сёння – захаванне асабістай улады, што супярэчыць любым эканамічным паляпшэнням.

«Тут можа ўсё скончыцца, як некалі скончылася ў Гарбачова, – калі будзе нейкая вольніца. Таму Лукашэнка не можа сабе гэтага дазволіць».

А вось да чаго прыводзяць дырэктыўныя захады, большасць беларусаў і без таго добра ведае. Крызіс 2010–11-х гадоў: падагрэтая інфляцыя, чэргі ў абменніках і непрадказальны курс рубля. Вынік – дэвальвацыя. Адной з прычынаў тае напасці эканамісты называюць менавіта дысбаланс паміж ростам заработнай платы і вытворчасці працы.

Разумее гэта і сам Лукашэнка…

Сцяпан Святлоў belsat.eu