Беларусы сядаюць на дыету, каб памыцца і пагрэцца


Мяса сталі есці на 5 % менш. Садавіны – на 8 %. А рыбы – ажно на 16 %. Гэтак, паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту, беларусы зацягнулі свае паясы ў трэцім квартале 2016-га, у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам.

Зэканомленыя грошы збольшага зʼелі камунальныя паслугі. Доля плацяжоў па жыроўках у агульных выдатках грамадзянаў павялічылася за гэты ж перыяд на 15 % і складае цяпер адну шаснаццатую ад сярэдняга сямейнага бюджэту.

Менчукі адчулі на сабе рост коштаў

«Сталі больш плаціць за камунальныя паслугі. І таму прыходзіцца ўціскацца. Менш застаецца на іншыя выдаткі».

«Калі мы раней куплялі фарш курыны, ялавічыну, свініну, то цяпер толькі сасіскі і каўбасу».

За два гады ўздаражэнне ў два разы

У кастрычніку за стандартавую аднапакаёвую кватэру беларусы плацілі з сярэднім па 40 рублёў – з улікам электрычнасці. За два гады гэтая сума павялічылася ўдвая, пры тым што расейскі газ, які складае ільвіную долю сабекошту ЖКГ, за гэты перыяд наадварот, амаль удвая патаннеў.

«Тарыфы на газ, на цяпло, на электрычную энергію – яны носяць у нашай краіне дырэктыўны характар. Іх зацвярджае ўрад. Гэта ня мае нічога агульнага з рынкавым спосабам фармавання цаны», – тлумачыць эканаміст Леў Марголін.

Асноўнае падаражэнне, аднак, яшчэ наперадзе. У жыроўках за кастрычнік сказана, што беларусы па-ранейшаму кампенсоўваюць менш за палову сабекошту камунальных паслуг. Хаця Лукашэнка сёлета ацэньваў гэты паказнік удвая вышэй.

Каб знізіць кошты, трэба ліквідаваць манаполію дзяржавы

Незалежныя адмыслоўцы, спасылаючыся на міжнародны досвед, канстатуюць, што найбольш эфектыўны спосаб знізіць сабекошт ЖКГ – гэта зліквідаваць дзяржаўную манаполію, каб шматлікія дастаўцы паслуг зніжалі кошты самі, змагаючыся за кліентаў. Улады Беларусі, аднак, ад гэтага адмаўляюцца.

«У Аўстрыі – у краіне, якая, прыкладна, аднолькавая з Беларуссю па насельніцтву, свае паслугі па пастаўцы прыроднага газу прапануюць ажно сем арганізацыяў. У нас гэта – адна арганізацыя. І таму чакаць, што будуць зніжацца кошты – не прыходзіцца», – дадае Леў Марголін.

Налета ўлады плануюць павялічыць кампенсацыю паслугаў ЖКГ насельніцтвам у паўтара разу. То бок, пры астатніх роўных, прыблізна да $ 30 долараў за сярэднюю аднапакаёўку.

Станіслаў Івашкевіч, Менск, фота: ridus.ru