У вайны твар не жаночы, але калі казаць пра імідж нашай краіны ў свеце – усё часцей Беларусь пазнаюць дзякуючы дасягненням ці то ўласна жанчын ці…прадуктам, зробленым для жанчын.
Жыхаркі Менску:
«Увогуле я думаю, што гэта будзе карысна. Мне як студэнту будзе патрэбна».
«Не ведаю».
«Не ведаю, але, можа, варта пацікавіцца?»
Гаворка аб прыкладанні «Фло» – яно папулярнае, паспяховае не толькі ў Беларусі і ЗША, але ўзначальвае рэйтынгі яшчэ 16-ці краінаў, у топе – у 80. Яе спампавалі ўжо больш за 60 мільёнаў жанчын. А прыдумляла і стварала яе вось гэтая каманда беларусаў.
Сёння з раніцы калегі з іншых рэдакцыяў беспаспяхова спрабуюць звязацца з віноўнікамі тэмы пра айці тэхналогіі ў Беларусі, пабачым, ці ўдасца нам… «вы звязаліся з галасавой скрыняй +375…
Выдаваннем і раскруткаю займалася амерыканская кампанія дый шматлікія інвестары, а таму частка каманды ўжо за акіянам. «Фло» – не першае, чым мы можам ганарыцца на сусветным рынку айці-прадуктаў.
Жыхары Менску:
«Вайбэр» ведаю, ўойргеймінг, плюс нешта чуў пра супрацу з Ізраілем».
«IT-тэхналогіі? Нават не ведаю, што гэта такое!»
Можа, таму, што выгада ад іх не такая відавочная для шараговага беларуса? Ідэі, прыдуманыя ды зрэалізаваныя ў Беларусі ды якія выйшлі ў свет яшчэ да айці-дэкрэту, былі прададзеныя за сотні мільёны долараў, абароты ў кампаніях вымяраюцца ў мільярдах долараў.
Усё таму, што гэтая сфера пакуль больш працуе на раскрутку сябе ў свеце. Хоць тыя ж каманды распрацоўнікаў у Менску пакідаюць тут свае падаткі і заробкі, прызнаюцца праграмісты. Ягор Кур’яновіч, ІТ-прадпрымальнік, заснавальнік STARONKA.BY:
«Чым больш чуваць імя Беларусі ў Нью-Ёрку, Каліфорніі, тым лепш для нашага рынку тут».
Зрабіў сваю справу і дэкрэт. Флагманскі дзяржаўны айці-кластар Парк высокіх тэхналогіяў за 9 месяцаў гэтага года зарэгістраваў у сябе каля двухсот кампаніяў. А гэта больш як за ўсю 12-цігадовую гісторыю існавання.
Хоць дасюль падчас замежных афіцыйных візітаў чыноўнікі дораць трактар. Але мо наступным разам прасцей бясплатную праграмку на смартфон?
І мы скажам – на здароўе!
Алесь Залеўскі, belsat.eu