Аб'ектыў 16.10.2017 Беларусы спынілі маўчанне. Новыя смерці і самагубствы ў войску


Міністэрства абароны пацвердзіла факт смерці Генадзя Сарокіна ў частцы № 48684 у горадзе Бяроза Берасцейскай вобласці 2-га верасня. У 23 гады, адвучыўшыся ва ўніверсітэце, малады мужчына памёр падчас дзяжурства на вышцы назірання за небам. Як распавёў «Белсату» брат Генадзя, атрымаўшы страшную навіну, сваякі тэрмінова паехалі ў Бярозу.

Гналі машыну, але не паспелі

«Яго забралі ў морг, хаця пакуль мы ехалі, мае бацькі і мая жонка прасілі, каб яго не забіралі. Каб мы паглядзелі, ці ёсць там сінякі, пабоі, але яго ўжо забралі», – падзяліўся Аляксей Сарокін, брат загінулага жаўнера.

Афіцыйная версія смерці – прыступ эпілепсіі, але сваякі не вераць, у Генадзя ніколі не было такога дыягназу.

«Ён нам казаў, што вышкі даюць выпраменьванне, радары, каторыя па вышыні. Ён казаў, што ёсць вышка, дзе калі трапіць пад яе хвалі, то можна, лысець, з галавой кепска будзе. Яны апраналі адмысловую абарончую амуніцыю. Магчыма, ён заступіў, не апрануўшы, яго апраменіла і яму кепска стала», – дадаў Аляксей.

Міністэрства абароны прызнала гэтую смерць

І гэта на фоне трагедыі Аляксандра Коржыча, якога знайшлі павешаным з майкай на галаве і са звязанымі нагамі ў вайсковай частцы ў Пячах пад Барысавам. Спачатку і вайскоўцы, і следчыя казалі выключна пра версію самагубства. Пасля журналісцкіх расследаванняў адкрыліся новыя факты пра страшную дзедаўшчыну ў Пячах, пра здзекі, збіццё і фактычны рэкет з боку сяржантаў і афіцэраў.

Журналісты даведаліся, што ў РНПЦ псіхічнага здароўя ў Навінках знаходзяцца ажно тры жаўнеры з той жа вайсковай часткі, адзін з іх – саслужывец Коржыча – таксама спрабаваў забіць сябе.

Мінабароны вінаваціць сваякоў жаўнера

«На лячэнні ў Навінках знаходзяцца тры асобы, у тым ліку малады чалавек, які напярэдадні смерці Аляксандра Коржыча спрабаваў здзейсніць самагубства… Да войска ён 4 разы спрабаваў здзейсніць суіцыд, што было схавана сваякамі», – зазначыў прэс-сакратар ведамства Уладзімір Макараў.

Сёння ж Следчы камітэт аднавіў расследаванне справы Арцёма Басцюка, які загінуў у тых жа Пячах за паўгода да Аляксандра Коржыча. Ён таксама скардзіўся сваякам на жорсткую дзедаўшчыну, тыя паразмаўлялі з афіцэрамі, а неўзабаве Арцёма знайшлі ў пятлі. Каб апраўдацца, Міністэрства абароны выпусціла відэа, дзе маці жаўнераў з гэтай вучэбнай часткі кажуць, як іх дзецям добра служыцца.

Паводле Мінабароны, ідзе «антыармейская кампанія»

Так вайскоўцы адрэагавалі на збор подпісаў за адстаўку міністра абароны Андрэя Раўкова, які не мог не ведаць аб парадках у вайсковых частках пад Барысавам. На старонцы «zvarot.by» было сабрана 11 300 подпісаў, пакуль яе не пашкодзілі спланаванай атакай.

Цяпер збор подпісаў ідзе на старонцы «petitions.by», там больш за 2 500 асобаў выказаліся за адстаўку Раўкова. Але арганізатары кампаніі патрабуюць не проста адстаўкі чыноўніка, а дэкрыміналізацыі войска ў цэлым. Таго ж патрабуюць і арганізатары адзіночнага пікета ў Баранавічах ды імправізаванага аўтапратэсту ў Менску насупраць будынку Мінабароны.

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

Глядзі таксама
Каментары