Беларусы праядаюць свае запасы


Паводле Нацыянальнага банку, у сакавіку захавалася тэндэнцыя, калі грамадзяне прадаюць валюты больш, чымся набываюць. А што рабіць тым, каму і прадаваць не было чаго? На рынку працы адсотак прапановаў з аплатай абяцаных Лукашэнкам $ 500 – фактычна ў межах статыстычнай памылкі. Ды нават палову ад славутых «папіццот» атрымлівае меншасць.

«Пяць гадоў таму абяцаў яшчэ 500 долараў, колькі цяпер? Трыста. Дык колькі можна абяцаць?», – кажа мінак.

Апошнім разам, праўда, Лукашэнка быў больш асцярожны і паабяцаў не класічныя пяцьсот долараў, а 1000 рублёў.

Відаць, гэтак стрымаць абяцанне лягчэй: бо хто ведае, колькі на тую тысячу можна будзе купіць праз паўгода або год. Аднак пакуль што і гэтая планка для бальшыні беларусаў недасягальная. Агульнарэспубліканскім банку вакансіяў такі заробак можна знайсці ў менш як адным адсотку прапановаў. Больш за палову вакансіяў не перавышаюць аплаты 465 рублёў.

«З майго досведу я ўжо чуў 500 долараў адзін раз, і тысячу чуў. Гадоў сем-восем таму».

«Хто працуе, той заробіць».

«Адкуль ён возьме грошы, каб падняць заробкі?»

З падобнымі пытаннямі беларусы фактычна прыпіраюць да сценак і рэгіянальных чыноўнікаў, як гэта здарылася днямі на мітынгу ў Бабруйску. Намеснік старшыні гарвыканкаму Аляксандр Маркачаў жыхарам гораду прапаноўвае працаваць нават за 250 рублёў. Пры гэтым у ягоным канкрэтным выпадку загад Лукашэнкі, лічы, выкананы.

«Я не хаваю у мяне заробак тысяча рублёў», – сказаў ён у каментары Свабодзе.

Якім чынам улады плануюць падцягваць рэшту краіны да ўзроўню спадара Маркачава? Сам Лукашэнка на пачатку года агаворваўся, што $ 500 будуць толькі пры падвышэнні прадукцыйнасці працы, або ў найгоршым выпадку, – пры павышэнні абʼёмаў вытворчасці. Але ў рэальнасці ВУП падае трэці год запар, скарачаецца абʼём замежных інвестыцыяў, у некалькі разоў упала вытворчасць грузавых аўтамабіляў, трактароў, тралейбусаў, станкоў. Аглядальніца выдання «Беларусы і рынак» Таццяна Каліноўская раіць уладам прыгледзецца да заходняга кірунку эканамічнай супрацы.

«Бо там ёсць інвестары, ёсць магчымасці для працаўладкавання хаця б часовага нашых будаўнікоў, нашых працаўнікоў буйных прадпрыемстваў. Ёсць заказы ў нямецкіх прадпрыемствах. Але гэта трэба круціцца, шукаць», – кажа аглядальніца выдання «Беларусы і рынак» Таццяна Каліноўская.

Адказы на праблемы ёсць і ўнутры краіны.

«Разнявольваць ініцыятыву, спрыяць людзям, каб яны адкрывалі свае малыя прадпрыемствы, праяўлялі ініцыятыву на месцы. Тады людзі самі заробяць свае 500, заплоцяць падаткі і ўлада здолее заплаціць дактарам і настаўнікам», – кажа аглядальніца выдання «Беларусы і рынак» Таццяна Каліноўская

Тым часам беларусы, як сведчаць апошнія дадзеныя Нацбанку, у чаканні сярэдняга заробку $ 500 ужо праядаюць не толькі валютныя запасы з банкаўскіх укладаў, але і рублёвыя. Па ўсёй краіне яны скараціліся на больш як палову адсотка, і гэта ўпершыню з лета 2016-га году.

Таццяна Рэут belsat.eu