Беларусы прадаюць валютныя ашчаджэнні. І дарма


29 месяц запар насельніцтва Беларусі больш прадае валюты, чым набывае. Розніца паміж продажам і купляй за першае паўгоддзе сёлета склала $ 800 мільёнаў. Ці азначае гэта, што ашчаджэнняў людзей становіцца ўсё менш або долар у вачах беларусаў перастаў быць вартай валютай?

Звычайная беларуская вуліца, звычайныя беларусы, якія, паводле падлікаў Нацыянальнага статыстычнага камітэту, удзельнічаюць у валютных аперацыях на мільярды долараў.

«Што трэба ў першую чаргу, калі нейкія ашчаджэнні – купіць долары», – кажуць жыхары Менску.

Паводле ж Белстату, беларусы сёлета на мільярд долараў больш прадалі валюты, чымся набылі. Гэтак за першае паўгоддзе купілі больш за $ 3,5 мільярды , а здалі амаль 4,5.

«Відаць, заначкі людзі пачынаюць траціць».

«Здаём. Таму што пенсіянеры, не хапае».

«Набываю, каб ляжалі на чорны дзень, а потым, калі гэты дзень настае, я гэтую валюту здаю», – кажуць менчукі.

Чорны дзень, падобна, перайшоў у чорную паласу, бо тэндэнцыя, калі беларусы больш здаюць валюты, чымся набываюць, працягваецца ўжо амаль 2 з паловаю гады.

«Пачалася яна ў крызісны час: калі рэзка ўпалі даходы беларусаў і проста дзеля таго, каб неяк падтрымліваць спажыванне, падтрымліваць свой узровень жыцця, беларусы залезлі ў сваю валютную заначку і пачалі паволі прадаваць валюту», – кажа галоўны аналітык “Альпары “Вадзім Іосуб.

Ёсць і яшчэ адна прычына. Захоўваць грошы ў валюце стала менш выгадна – непрывабныя дэпазітныя стаўкі ў банках.

«Калі ў чалавека ёсць ашчаджэнні і ў валюце, і ў беларускіх рублях, верагодна, што беларускія рублі ён пакладзе на дэпазіт, а валюту будзе проста прадаваць», – кажа Вадзім Іосуб.

А набываць яе будуць прадпрыемствы: бадай кожны вытворца айчыннай прадукцыі нешта імпартуе для вырабу сваіх тавараў.

«Продажы насельніцтва перакрываюць пакупку прадпрыемстваў. У цэлым у эканоміцы прадаецца валюты больш, чымся набываецца, і менавіта гэта дазваляе беларускаму рублю ўмацоўвацца з пачатку года», – кажа Вадзім Іосуб.

Што праўда, ужо на наступнае паўгоддзе прагноз аналітыкаў наконт беларускага рубля не вельмі аптымістычны. Але большасць апытаных намі жыхароў за курсам валютаў не сочыць.

«Не здаем і не набываем»

«Не здавала і не пакупала».

«Я не набываю і не здаю».

«Не займаюся валютаю: гады – раз, дый магчымасцяў няма».

«Мне б вашыя клопаты! У мяне яе няма!

«Не збываю і не набываю. Прабачце, што па-расейску, мне так лягчэй. Грошай няма!»

А калі грошай няма, то ўжо і не важна, у якой валюце іх няма.

Вольга Старасціна belsat.eu