Аб'ектыў 15.08.2017 Беларусы пра магчымую акупацыю Расеяй: А што з нас узяць?


Вайсковыя вучэнні паміж Расеяй і Беларуссю праходзяць раз на два гады. Але гэтым разам выклікаюць найбольшае хваляванне ў дэмакратычных колах.

«Гэтыя вучэнні ўяўляюць сабою небяспеку і для нас, і для суседзяў. Магчыма, і для самога расейскага народа. Гэта звязана з непрадказальнасцю расейскае знешняе палітыкі. Расея, а дакладней – расейскія эліты, вырашаюць свае ўнутраныя праблемы праз знешнія канфлікты», – упэўнены палітык Мікола Статкевіч.

Насцярога зразумелая

Анексія Крыму тры гады таму, акупацыя і працяглы канфлікт на ўсходзе Украіны змушаюць задумацца.

«Украіна вытрымае, калі на яе напалі, яна вытрымае. Нашая краіна значна меншая і значна слабейшая – таму наўрад ці вытрымае».

«Мы самастойная краіна, мы можам самі вырашаць пра сваю знешнюю палітыку, навошта нам гэтыя вучэнні».

«Пад прыкрыццём гэтага робіцца нейкая аперацыя, мне так падаецца».

«Я лічу, я знойдуць сабе тэрыторыю лепшую, эканамічна выгодную. А што з нас узяць?».

– выказаліся жыхары Менску.

Напружанне ў рэгіёне ўсё роўна нарастае

Эксперты кажуць пра магчымасць рознага роду правакацыяў. Хаця галоўнае – дэманстрацыя сілам НАТО сваіх магчымасцяў.

Вучэнні «Захад-2017» праходзяць на фоне ўзмацнення Паўночна-Атлантычнага альянсу на тэрыторыях заходніх суседзяў Беларусі. Яны сочаць за кожным рухам мускулаў на ўсходзе. Хаця спазніліся з рэакцыяй на вайну ў Грузіі ў 2008-м ды ва Украіне з 2014-га. Цяпер пра пошук новага канфлікту дзеля падняцця ўнутраных рэйтынгаў Пуціна перад выбарамі кажа «Белсату» былы прэзідэнт Грузіі Міхэіл Саакашвілі.

«Без ці з Лукашэнкам ён [Пуцін] хацеў бы штосьці зрабіць Беларусі. І я асцерагаюся, што ён пойдзе па поўнай катушцы, я лічу, што ўвогуле ў планах у яго – адмена беларускае незалежнасці. І ўвогуле – анексія краіны», – мяркуе ён.

Будуць яшчэ адныя вучэнні

«На тэрыторыі Расеі адначасова з «Захадам» адначасова будуць праводзіцца і расейскія вучэнні, значна больш маштабныя, са значна больш агрэсіўным сцэнаром, якія таксама называюцца «Захад». Пагэтаму можа скласціся сітуацыя, калі знешнія назіральнікі забудуцца пра беларускія вучэнні, на тое, што адбываецца на тэрыторыі Беларусі», – мяркуе вайсковы эксперт Андрэй Паротнікаў.

Вучэнні ў Беларусі будуць суправаджаць тры дывізіі расейскіх дэсантнікаў

Агулам – каля 24 тысячаў чалавек. Іхная першасная функцыя – наступальная. Яны будуць заставацца на заходніх рубяжах Расеі, але няма яскравага адказу пра іхныя дзеянні, тады як гэтыя групы амаль удвая перавышаюць запланаваныя сілы самых вучэнняў.

Таму «Захад-2017» можа стаць толькі фонам для рэпетыцыі сапраўднае наступальнае аперацыі, а не абарончае – як заяўлена афіцыйна. Вучэнні пройдуць на шасці беларускіх палігонах з 14 да 20 верасня. Запрошаныя на іх і міжнародныя назіральнікі.

Сяргей Падсасонны, «Белсат», фота: Sergei Bobylev / TASS / Forum

Глядзі таксама
Каментары