Беларусы не вераць, што пенсійная рэформа праводзіцца ў іх інтарэсах


Менш за статыстычную хібнасць. Апытанне, праведзенае прафсаюзам працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці, паказала – толькі адзін адсотак грамадзянаў верыць, што пенсійная рэформа праводзіцца ў іх інтарэсах. Восем з дзесяці апытаных перакананыя, што выйграюць дзяржава і чыноўнікі.

Другі год рэалізацыі пенсійнай рэформы ў Беларусі. Чатыры – яшчэ наперадзе. Улады шматкроць тлумачылі.

«Калі б мы нічога не змянялі, да 30-га году на адную асобу старэйшую за працаздольную прыпадаў бы 1,7 працоўны фактычна», – заявіў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валер Кавалькоў.

Аднак выглядае, што сярод грамадзянаў дагэтуль няма ці разумення, навошта патрэбнае, напрыклад, падвышэнне пенсійнага ўзросту, ці веры тым, хто кіруе краінаю.

Праведзенае сёлета ў студзені даследаванне недзяржаўнага прафзвязу РЭП выявіла: толькі адзін адсотак грамадзянаў верыць, што змены будуць ім на карысць. Затое амаль кожны другі перакананы: выйграюць толькі чыноўнікі, кожны трэці – дзяржава.

НА ЧЫЮ КАРЫСЦЬ ПРАВОДЗЯЦЬ ПЕНСІЙНУЮ РЭФОРМУ? (агульнанацыянальнае апытанне прафсаюзу РЭП)

– ГРАМАДЗЯНАЎ 1 %

– ЧЫНОЎНІКАЎ 43 %

– ДЗЯРЖАВЫ 38 %

Чатыры гады таму Лукашэнка тлумачыў негатоўнасць рэфармаваць сістэму акурат жаданнямі людзей.

«Людзі не хочуць павышэння пенсійнага ўзросту. Я не магу сёння ісці ўпоперак волі людзей», – заяўляў Лукашэнка.

Але ўжо ў шаснаццатым годзе падпісаў указ «Аб удасканаленні пенсійнага забеспячэння». Згодна з ім, да дзве тысячы дваццаць другога года мінімальны ўзрост дзеля атрымання працоўнай пенсіі мае дасягнуць пяцідзесяці васьмі гадоў для жанчын і шасцідзесяці трох – для мужчынаў.

«Няма ў бюджэце грошай больш на тое, каб трымаць такую колькасць пенсіянераў, якая ўсё павялічваецца. А ў звязку з дэмаграфічнай сітуацыяй колькасць пенсіянераў павялічваецца, а колькасць працуючых у эканоміцы змяншаецца», – адзначае палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч.

Недахоп грошай у пенсійным фондзе выявілі ўпершыню ў дзве тысячы чатырнаццатым. Падвышэнне пенсійнае планкі мае выправіць сітуацыю. Настойліва рэкамендаваў правядзенне рэформы і Міжнародны валютны фонд. Аднак яна не будзе эфектыўная без структурных эканамічных, палітычных і сацыяльных рэформаў, зазначае адмысловец.

«Тут гаворка можа ісці толькі пра тое, як паменшыць колькасць пенсіянераў. З гэтага боку, як ні дзіўна, чым менш жывуць беларусы, тым гэта лепш для беларускай пенсійнай сістэмы», – кажа эканаміст Леў Марголін.

У гэтым кантэксце асабліва драматычна выглядае сітуацыя з беларускімі мужчынамі, сярэдняя працягласць жыцця якіх на сёння толькі на тры гады перавышае запланаваны рэформаю пенсійны ўзрост.

Лола Бурыева, «Белсат»

Фота – REUTERS/Vasily Fedosenko