Аб'ектыў 13.01.2017 Ці збіраюцца беларусы пратэставаць супраць падатку на дармаедства?


Беспрацоўным, хворым, а нават памерлым. «Лісты шчасця» прыходзяць беларусам амаль штодзённа. Прэзідэнцкі дэкрэт № 3 «Аб перадухіленні сацыяльнага ўтрыманства» выклікае ў беларусаў абурэнне, але не шмат хто з іх гатовы адстойваць свае канстытуцыйныя правы ў судзе.

«Маўчаць, бо баяцца. Трэба папросту не плаціць».

«Грамадзянскія свабоды ў нашай краіне не захоўваюцца, а людзі да гэтага прызвычаіліся».

«Беларусы цярплівы народ, але калі цярпенне скончыцца, будзе нешта сурʼёзнае».

– мяркуюць жыхары беларускай сталіцы.

Цяпер у дакумент унеслі папраўкі

Зацверджаныя Лукашэнкам змены акрэсліваюць новыя катэгорыі грамадзянаў, якіх звольняць ад падатку на «дармаедства». Удзельнікамі фінансавання дзяржаўных выдаткаў прызнаюць, сярод іншых, асобаў у складзе нацыянальнай або зборнай каманды Беларусі па відах спорту, грамадзянаў, якія праходзяць альтэрнатыўную службу, а таксама тых, хто выхоўвае дзяцей векам да сямі гадоў, але толькі пры ўмове, што дзіця ва ўзросце ад трох да сямі гадоў не ходзіць у садок.

«Гэта кропля ў моры. Асноўная маса гэта беспрацоўныя, якія месяцамі, гадамі не могуць знайсці працу. Яе можна знайсці за 200 рублёў,. але навошта вы здзекуецеся з народу? Калі б народ адмовіўся працаваць за 500 долараў – вось тады справа», – даводзіць Генадзь Фядыніч, старшыня незалежнага прафсаюзу.

Дадатковыя пытанні выклікаюць паўнамоцтвы якія атрымалі мясцовыя ўлады

Чыноўнікі цяпер змогуць пастанаўляць самыя, каго вызваліць ад платы збору. Палёгка ў гэтым выпадку будзе датычыць толькі тых, хто апынуўся ў складанай жыццёвай сітуацыі. Аднак што гэта за сітуацыі, дакумент не ўдакладняе.

«Мы дасканала ведаем, што на мясцовым узроўні пануе кумаўство і сватаўство. Яны ўжо даўно ў людзях людзей не бачаць. Зараз яны будуць сваіх вызваляць, а кагосьці не будуць», – упэўнены Генадзь Фядыніч.

«Лісты шчасця» маглі атрымаць каля трохсот тысяч беларусаў

Тыя, хто наведаў днямі падатковую інспекцыю, кажуць пра велізарныя чэргі.

Апазіцыйныя палітыкі, актывісты і праваабарончая супольнасць краіны не аднойчы заклікалі Лукашэнку ўвесці мараторый або адмяніць дэкрэт. Пакуль просьбы не прынеслі вынікаў. А на беларускіх вуліцах працягвае расці незадаволенасць.

Не выключаюць, што прэзідэнцкі дэкрэт можа выклікаць хвалю пратэстаў у Беларусі. Кіраўнік незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч заклікае грамадзянаў надалей дабівацца адмены закону аб дармаедах. Плануюць збіраць подпісы, якія будуць перададзеныя кіраўніку краіны. Калі гэта не дапаможа, са словаў актывіста, будуць рыхтаваць масавую акцыю пратэсту.

Ян Бабіцкі, «Белсат», фота: maxim-nm.livejournal.com

Глядзі таксама
Каментары