Аб'ектыў 13.06.2018 Беларусы не атрымаюць ані па $ 500, ані па $ 1000


Апошнія некалькі гадоў сусветная эканоміка расла больш хуткімі тэмпамі, чым беларуская гаспадарка. Прычына ў «прасяданні» Расейскай гаспадаркі пасля 2015 года, а ўслед за ёй і эканомік асноўных гандлёвых партнёраў Масквы. І вось на гарызонце з’явілася надзея. На наступны год айчыны ўрад запланаваў рост, вышэйшы за сярэдні па Свеце. Аптымістычны, але ці рэальны?

Міністэрства эканомікі, а следам за ім і ўрад падрыхтавалі прагнозы аб росце беларускай гаспадаркі на 2019 год. Сцэнар прадугледжвае два варыянты: базавы, пры якім ВУП вырасце на 2,8 адсотка, і мэтавы, пры якім будзе дасягнуты больш як 4-х адсоткавы прырост эканомікі.

«У наступным годзе сітуацыя, хутчэй за ўсё, будзе горшая, чымся сёлета. Нафта будзе танейшая, і не будзе эфекту нізкай базы. У гэтай сітуацыі натуральны рост айчынай гаспадаркі можа скласці каля 2,5 %. З гэтага пункту гледжання нават базавы сцэнар нашага ўраду выглядае аптымістычна», – кажа старэйшы аналітык кампаніі «Alpari» Вадзім Іосуб.

Планы ўраду Беларусі бягуць і наперадзе прагнозаў Міжнароднага валютнага фонду, які прагназуе на 2019 год рост на 2,4 %. Гэтак жа разыходзяцца і лічбы на сёлета. МВФ кажа аб 2,8 %, а беларускі ўрад аб 3,5 %.

«Прагнозы МВФ рэдка спраўджваюцца, бо яны заснаваныя на звестках паўгадавой даўніны. Але ў гэтым выпадку прагноз МВФ больш рэалістычны. Ад 2 да 3 %, гэта той узровень, які можа паказаць беларуская эканоміка пры спрыяльных вонкавых умовах», – кажа эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч.

Але нават такі прагноз росту ўражвае на фоне 28 % падзення ВУП Беларусі ў 2015 годзе ў доларавым вымярэнні ды вельмі сціплага росту наступных гадоў.

«У 2017 годзе развітыя краіны раслі на 2–3 %, тыя краіны, што развіваюцца, – на 3–4 %. Мы пакуль што паўзем следам. У іх што не было крызісу? Быў!», – заявіў Лукашэнка.

Сёння прэмʼер-міністр Андрэй Кабякоў пацвердзіў і намер выканаць амбіцыйную задачу на 2025 год, пастаўленую ўраду ў сакавіку.

«На наступную пяцігодку нам кроў з носа трэба дасягнуць узроўню 100 мільярдаў долараў ВУП. Толькі гэта дазволіць мець заробкі па 1000 долараў і не скаціцца ў пастку беднасці», – кажа Лукашэнка.

Гучыць прывабна, але пакуль што ўрад не можа забяспечыць заробкаў і па абяцаных 500 долараў па краіне.

«Выглядае вельмі мала верагодным такі рост айчыннага ВУП. Бо, каб яго паказаць, трэба расці па 5–6, а лепш па 7 % на год, менавіта ў доларавым вымярэнні. Гэта вельмі сумнеўны тэмп росту для нашай эканомікі, і наўрад ці яна яго пакажа», – кажа старэйшы аналітык кампаніі «Alpari» Вадзім Іосуб.

Адным з галоўных чыннікаў росту эканомікі Беларусі традыцыйна застаецца і прыцягненне замежных крэдытаў. Мінфін канстатуе, што ў 2019 годзе рост ВУП будзе падтрыманы яшчэ і пікам фінансавання пабудовы БелАЭС. Але міжнародныя ўстановы, у тым ліку Еўразійскі банк развіцця, папярэджваюць, што Менск мусіць пачаць клапаціцца аб скарачэнні дзяржаўнай запазычанасці, якая з пачатку года павялічылася амаль на чвэрць і дасягнула шаснаццаці з паловаю мільярдаў долараў.

Ігар Кулей belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары