Беларусы купілі 170 штук Geely


Віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка заявіў, што да канца красавіка завод «Белджы» выйдзе на новыя магутнасці – да тысячы аўтамабіляў на месяц. Цудоўная навіна. Засталося запытацца віцэ-прем’ера каму прадаць гэтыя паркетнікі, бо дагэтуль беларусы набылі ўсяго 170 штук, а ў Расею паставілі паўтысячы.

Завод «Белджы» быў пабудаваны, як асабістая мара Аляксандра Лукашэнкі. Вельмі яму хацелася народны аўтамабіль зрабіць. Завод запусцілі, канвеер працуе, але ці гатовыя беларусы набываць «Джылі-Атлас», гладкі «паркетнік», за Br 35 000 у базавай камплектацыі?

Калі глядзець статыстыку, за першы квартал беларусы сталі больш купляць новых аўтамабіляў. На першых месцах – «Рэно» – (2232 штук), «Фальксваген» (1198), «Лада» (950), «Нісан» (569) і «КІА» (532). «Джылі» ўвайшоў у дзясятку са сціплым вынікам – толькі 170 аўтамабіляў ад пачатку года на ўнутраным рынку.

Чаму так – зразумела са статыстыкі найпапулярнейшых мадэляў. На першых двух месцах седаны па 18–19 тысячаў рублёў, а «Рэно Сандэра», «Дасцер» і «Капцюр» – гэта такія ж паркетнікі, як «Джылі-Атлас», толькі каштуюць ад 22-х да 32-х тысячаў. Беларускі адпаведнік 35–40 тысячаў рублёў.

Ацэнкі гэтай статыстыкі вельмі розныя.

«170 аўтамабіляў – выдатны вынік, хоць куплялі іх чыноўнікі, дзяржслужбоўцы. 170 аўтаў коштам па $ 20–40 тысячаў кожны – гэта выдатны вынік. Менавіта для кітайскага брэнда ў нашай краіне», – лічыць аўтамабільны эксперт Зміцер Навіцкі.

«Беларускія вытворцы робяць завод, каб там рабіць 60 тысячаў на год, а за месяц не могуць прадаць больш за 200, а куплялі хіба органы мясцовага кіравання, бо бюджэт ёсць, на палявыя працы ездзіць. Можна сказаць, што яшчэ адзін інвестыцыйны дзяржаўны праект з’яўляецца татальным правалам», – дадае кіраўнік навукова-даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук

Каб беларусы куплялі «Джылі-Атлас», з’явіліся нават танныя крэдыты. Спачатку ад БПС-банку, а потым «Беларусбанку», які амаль цалкам належыць дзяржаве. Грамадзянам прапаноўваюць 7-гадовы крэдыт, прычым тры гады па стаўцы 1,9 % гадавых, а з 4-га па 7-ы год – стаўка рэфінансавання + 2,5 %. Можна заплаціць ад 10% да 25% асабістага ўнёску.

Аддзелы крэдытавання прапаноўваюць разлік – за «Джылі Атлас» у камплектацыі «Камфорт» штомесячная выплата выйдзе 379 рублёў першыя 3 гады, а потым – 479. Гэта пры ўмове, што стаўка рэфінансавання не ўзляціць да неба.

Заманлівая прапанова, шкада толькі, грошы не растуць на дрэвах.

«Заплаціць за гэта бюджэт, або банк, які перакладзе цяжар абслугоўвання гэтых крэдытаў на іншыя праекты, на фізічных асобаў», – дадае Раманчук.

У канцэрна «Белджы», які цяпер узначальвае намеснік міністра прамысловасці Генадзь Свідзерскі, амбітныя планы. Стварыць у Беларусі сваё канструктарскае бюро, рабіць палову ўсёй працы на месцы ды штогод прадаваць дзясяткі тысячаў аўтамабіляў у Расею. Але, па-першае, у Расеі сваіх вытворцаў багата. А па-другое, калі расейскі рубель працягне падаць, беларусы, як і 4 гады таму, паедуць на Усход, купляць тыя ж «Джылі» расейскай зборкі. Бо там будзе танней.

Яраслаў Сцешык; фота – Віктар Драчоў/ТАСС