Беларусы згадаюць ахяраў «расстрэльнай ночы» 1937-га


Беларусь набліжаецца да адной з найбольш трагічных датаў у сваёй гісторыі. 80 гадоў таму адбылася «расстрэльная ноч», калі НКВД забіла больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. Памяць пра іх усцяж жыве – насуперак таму, што ўчынкі сталінскіх катаў спрабуюць сцерці з гісторыі ўлады краіны.

37-мы год. Ноч з 29-га на 30-га кастрычніка

Толькі адна з шэрагу ў гісторыі сталінскіх рэпрэсіяў. Але найбольш трагічная для Беларусі.

«Гэта асаблівая ноч, таму што акрамя пісьменнікаў і паэтаў былі прадстаўнікі іншай творчай інтэлігенцыі. Былі і мастакі, быў архітэктар сярод іх, быў рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту», – кажа гісторык Ігар Кузняцоў.

Соль нацыі

Тых, хто меўся збудаваць будучыню краіны, расстралялі ў засценках турмы НКВД у Менску. Там, дзе цяпер месціцца беларускі КГБ. У гэтую нядзелю а 19-ай гадзіне, як і год таму, сюды прыйдуць грамадскія актывісты, каб ушанаваць памяць ахвяраў.

«Мы паказваем, што памятаем. Каб нашчадкі катаў разумелі, што гэтае злачынства не забытае, і іх злачынствы таксама не будуць забытыя», – тлумачыць палітык Мікола Статкевіч.

Свая праграма ў «Маладога фронту»

У той жа дзень а 23-яй гадзіне з ініцыятывы «Маладога фронту» распачнуцца начныя чытанні ў Курапатах. Мяркуецца, што менавіта сюды прывозілі целы ахвяраў пасля расстрэлу.

«Мы плануем зачытаць спіс гэтых людзей, даты нараджэння, калі яны ёсць, і даты забойства савецкай уладай, чытаць творы расстралянай літаратуры», – дзеліцца планамі лідар арганізацыі Зміцер Дашкевіч.

«Ноч расстраляных паэтаў» стала пікам сталінскіх рэпрэсіяў

Забівалі да гэтага і пасля. Толькі ў Курапатах, паводле розных ацэнак, пахаваныя 30-250 тысячаў ахвяраў.

«У большасці краінаў адкрытыя архівы, створаныя мемарыяльныя комплексы, на вышэйшым дзяржаўным узроўні ўсталяваныя дні памяці ахвяраў рэпрэсіяў. І гэтая праблема фактычна існуе, нейкія асобныя абмежаванні, можа для навукоўцаў. Але гэтага ўжо няма. Засталося адно выключэнне – рэспубліка Беларусь», – дадае спадар Кузняцоў.

У Беларусі месцы памяці даводзіцца абараняць

У лютым актывісты кайданкамі прыкоўвалі сябе да будаўнічай тэхнікі, каб у ваколіцах Курапатаў не паўстаў бізнес-цэнтр. Супрацьстаянне цягнулася 7 дзён. Будаўніцтва ўдалося спыніць, але змаганне за памяць працягваецца.

«Пасля развалу Савецкага саюзу, злачынцы не былі названыя злачынцамі. Мы ходзім па вуліцах, якія носяць імя забойцаў у той час, калі нявінныя ахвяры многія не рэабілітаваныя», – абураецца Дашкевіч.

Рэпрэсіі забралі жыцці, але не здолелі забраць культурную спадчыну

У гадавіну трагічнай ночы, апроч акцыяў, адбудзецца канцэрт пад назваю «(Не)расстраляная паэзія». У менскім клубе «Брюгге» прагучаць песні на вершы рэпрэсаваных пісьменнікаў.

Вольга Жарнасек, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum