Беларусы - адзін з найменш эмацыйных народаў у свеце


Ад любові да нянавісці – адзін крок. Але, згодна са статыстыкай, не ў беларусаў. Нам увогуле не да бурных эмоцыяў. Няўжо выходзіць, што нізкая эмацыйнасць – гэта не жарт, а аб’ектыўная рэальнасць?

Даследнікі аднеслі Беларусь да найменш эмацыйных краінаў: менш за сорак адсоткаў апытаных заявілі, што напярэдадні адчувалі негатыўнае або пазітыўнае пачуццё. Падобныя вынікі назіраюцца ў Емене і Азербайджане. Жыхары ж Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі, Перу і Сьера-Леонэ вылучыліся найбольшаю эмацыйнасцю. Вольга Андрэева, псіхолаг, сямейны псіхатэрапеўт:

«На жаль, нашая культура падтрымлівае ў большай ступені выражэнне негатыўных пачуццяў: болі, пакутаў, суму, дэпрэсіі. Шмат такіх песень народных, сумных. І з аднаго боку, аб сваіх праблемах казаць прынята – і ўсе адзін адному скардзяцца, а з другога – не вельмі прынята хваліцца».

Паводле экспертаў, гэты рэйтынг Інстытуту ҐЭлапа паказвае не ўзровень эмацыйнасці, а адчуванне людзей у канкрэтны момант часу: яно залежыць як ад сацыяльных і эканамічных фактараў, гэтак і ад палітычных. Напрыклад, да вайны Сірыя была сярод краінаў, дзе людзі адчувалі найбольш пазітыву, а цяпер сітуацыя перакулілася. Тлумачыць Генадзь Семянчук, кандыдат гістарычных навук:

«У характары беларускага народу вельмі моцна адбіліся трагедыі, асабліва 20 стагоддзя, бо да сённяшняга дня душа беларуская не можа развівацца поўнасцю. Яна ўвесь час пад нейкімі абмежаваннямі, падказкамі і ўціскамі».

Як сімвал беларускай стрыманасці – Віталь Зялкоўскі. Маладзечанец стаў знакаміты на ўвесь свет фотаздымкамі з замежных паездак. Прычынаю стаў ягоны выраз твару, які не змяняўся незалежна ад месца і сітуацыі, дзе ён фатаграфаваўся. А ці сапраўды ўсе беларусы толькі так праяўляюць эмоцыі? Разважаюць жыхары Менску:

«У нас гэтая памяркоўнасць, разважлівасць, спакой – у крыві».

«Не так мы вяселімся, як тыя ж украінцы ці нават палякі».

«Спакойны народ. Няма часу радавацца жыццю. Усе загружаныя: праца, дзеці, садок, школа».

«Мне здаецца, што ў нас вельмі шмат эмацыйных людзей! Чаму такая статыстыка? Я не магу так сказаць – у мяне вельмі шмат знаёмых, усе эмацыйныя».

«Вялікая колькасць людзей проста хавае свае эмоцыі, вось і ўсё».

Паводле статыстыкі, найбольшым пазітывам адрозніваюцца пераважна краіны Лацінскай Амерыкі. А вось у Афрыцы дамінуе негатыў – менавіта насельніцтва краінаў з гэтага кантыненту часцей за ўсіх перажывае адмоўныя эмоцыі. Як адзначаюць эксперты, на гэта могуць уплываць і культурныя асаблівасці рэгіёну. Вольга Андрэева, псіхолаг, сямейны псіхатэрапеўт:

«Беларусы могуць радавацца, сумаваць, пакутаваць так, што мы па суіцыдах традыцыйна адно з першых месцаў у свеце займаем. Усякія эмоцыі негатыўныя і пазітыўныя нашыя людзі адчуваюць, як ва ўсім свеце. Іншая справа, што адныя культуры падтрымліваюць яркае выражэнне гэтых эмоцыяў, а іншыя – патрабуюць большай стрыманасці».

У той жа момант эксперты адзначаюць важную ролю клімату ў праяўленні эмоцыяў людзьмі. А Беларусь часта згадваецца як адна з найменш сонечных краінаў свету. Клімат, як традыцыі ды гістарычны кантэкст, змяніць немагчыма. Аднак фактары кшталту эканамічнай і палітычнай сітуацыі могуць быць скарэктаваныя, каб беларусы як мінімум не фігуравалі ў рэйтынгах як неэмацыйны народ.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu

Фота: Віталь Зялкоўскі