Беларусы плоцяць у пенсійны фонд. А ў ім – няма грошай


«Калі пакідаць пенсійны ўзрост на цяперашнім узроўні, а ў пенсійны фонд няма дастатковых паступленняў, то давядзецца паніжаць пенсіі. Таму што грошай не хапае, каб раздаваць пенсіянерам». Гэтак год таму Аляксандр Лукашэнка разважаў пра неабходнасць павысіць пенсійны ўзрост.

Узрост у выніку павысілі

Вось толькі грошай на выплату пенсіяў па-ранейшаму не хапае. Выдаткі ў Фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва за першае паўгоддзе перавысілі паступленні на $174,5 млн. Паводле Мінфіну, недахоп фінансаваўся за кошт крэдыту з рэспубліканскага бюджэту. Адмыслоўцы мяркуюць, што асноўная прычына дэфіцыту заключаецца ў дэмаграфіі.

«У нас вельмі масіўная кагорта людзей выходзіць на пенсію. Замест іх на рынак працы прыходзіць, наадварот, вельмі малалікая кагорта. То бок у нас зʼяўляецца ўсё больш пенсіянераў, а вось працаздольнае насельніцтва наадварот зніжаецца», – тлумачыць эканаміст Кацярына Барнукова.

Планавалася, што ў Фондзе сацабароны будзе прафіцыт

То бок перавышэнне даходу над выдаткамі – памерам $ 139,5 млн. Аднак замест прафіцыту пакуль назіраецца амаль у паўтара разу большы дэфіцыт. Афіцыйныя ўлады тлумачаць гэта адсутнасцю значных абʼёмаў бюджэтных субвенцыяў, якія былі ў 2016 годзе.

«Пры зацверджанні бюджэту фонду ўлічвалі рост ВУП. Але з улікам яго дынамікі за мінулы год фонд заробкаў стаўся зусім іншы ды склаў Br 31 млрд замест Br 34 млрд, што адмоўна паўплывала на прыбыткі фонду», – зазначыла міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч.

Урад планаваў, што летась ВУП Беларусі ўзрасце на 0,3 %, аднак па факце эканоміка, наадварот, толькі скарацілася на 2,6 %.

Звязваць праблемы пенсійнага фонду толькі з эканомікай – не варта

«Мы павінныя пачынаць ствараць назапашвальныя схемы як мага раней. Але гэта немагчыма без ролі дзяржавы – менавіта яна мусіць абазначыць правілы гульні і стварыць адпаведныя ўмовы, каб людзям было выгадна адкладаць на пенсіі», – дадала спадарыня Барнукова.

А пакуль дзяржава з дапамогай субвенцыяў спрабуе неяк утрымаць дзейны пенсійны фонд і пачынае абмяжоўваць доступ да працоўных пенсіяў, сярэдні памер выплатаў не змяняецца ўжо амаль год. За 10 месяцаў яны павялічыліся толькі на 1,08 % – і гэта без уліку інфляцыі. За гэты самы час на некалькі адсоткаў выраслі кошты прадуктаў і лекаў. Таксама не растуць стыпендыі ды сацыяльныя выплаты.

А пакуль ніякіх перадумоваў для змены сітуацыі не прагназуецца, то і павелічэння памеру пенсіяў, стыпендыяў і дапамог бліжэйшым часам чакаць дакладна не варта.

Сцяпан Святлоў, «Белсат», фота: Viktor Drachev / TASS / Forum