Беларусы аддалі $ 1 млн падаткаў на кіно, а зарабілі на ім расейцы


Калі б гэта было кіно, то сюжэт можна было б назваць незацейлівым, а фінал бы быў без славутага «happy end». У 2012 годзе Міністэрства культуры і «Беларусьфільм» заключылі дамову на выраб фільму «З 8 сакавіка, мужчыны». Абодва бакі пагаднення далі на здымкі па $ 500 000. Яшчэ $ 500 000 дала расейская кампанія. Фільм знялі, і толькі ў Расеі зарабілі на ім $ 2 500 000, з чаго ў Беларусь не вярнулася ні капейкі.

У дачыненні да былога дырэктара «Беларусьфільму», які тады займаў кіроўную пасаду на кінастудыі, узбуджаная крымінальная справа за злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі пры выкарыстанні бюджэтных сродкаў Міністэрства культуры, якія былі вылучаныя на вытворчасць фільму «З 8 сакавіка, мужчыны»

Пасаду дырэктара «Беларусьфільму» у той час займаў Алег Сільвановіч. Пасля таго, як фільм знялі, Сільвановіч перадаў выключныя правы на яго паказ па ўсім свеце расейскай фірме «Маскіт», якая ўклала толькі траціну сродкаў на здымкі. Мільён долараў беларускіх падаткаплатнікаў знік і не вернецца ўжо ніколі. «Маскіт» мае выключныя правы на фільм ажно на 10 гадоў. І гэта не адзіны такі прыклад, кажа Андрэй Курэйчык – сцэнарыст самага касавага ў гісторыі Расеі фільму «Рух уверх».

«На цэлы шэраг фільмаў Беларусь страціла свае правы. Напрыклад, «У жніўні 44-га», фільм Пташука. «Берасцейская крэпасць» фільм Аляксандра Ката, і яшчэ шэраг ко-прадукцыяў, дзе беларусы ўклалі шмат грошай, а правоў на кіно фактычна не атрымалі», – распавядае Курэйчык.

Але і з фільмамі, на якія правы заставаліся ў Беларусі, сітуацыя ня лепшая. Дастаткова ўзгадаць нацыянальны праект – кінастужку «Мы браты», або «Код Каіна».

«Гэта нацыянальны праект, фільм усёй нашай дзяржавы. Ён каштаваў нам каля $ 3 000 000, а прынёс каля $ 40 000. Выдатная рэнтабельнасць», – кажа Андрэй Курэйчык

Але, вяртаючыся да «Беларусьфільму», можна адзначыць, што яго праблема крыецца ня толькі ў спрэчных рашэннях кіраўніцтва, але ў самой структуры арганізацыі. 12 гектараў зямлі ў цэнтры Менску, адміністратыўныя будынкі, велічэзныя павільёны, 500 працаўнікоў, а на выхадзе ўсяго некалькі фільмаў на год. Як кажуць, гара мыш нарадзіла, ды яшчэ і за бюджэтныя грошы.

«Нідзе на постсавецкай прасторы такіх кінастудыяў не засталося. Якая б мела ўсе рысы таго, савецкага існавання. Не была ні ператвораная ў кінафабрыку, ні прыватызаваная, нічога. На сёння гэта проста маёмасны комплекс, які з’ядае нашмат больш, чым зарабляе», – распавядае Курэйчык.

Ці ўзгадае нехта з беларусаў фільмы нацыянальнай кінастудыі апошніх гадоў і ці гатовы мірыцца з бюджэтнымі выдаткамі?

Між тым, летась толькі на кінематограф з бюджэту Беларусі выдаткавалі амаль 9 мільёнаў рублёў. Гэта больш, чым разам узятыя выдаткі на дашкольную і прафесійна-тэхнічную адукацыю ўва ўсёй краіне.

Ігар Кулей, «Белсат»