Беларускія заводы: спыніць вытворчасць ці залезці ў пазыкі


Эканоміка расце, але ўнутраныя праблемы дзяржаўнага сектару працягваюць нарастаць, вынікае з апошніх дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэту. Па выніках першых чатырох месяцаў гэтага году прыбыткі беларускіх прадпрыемстваў абрынуліся больш, чым на 40 %. У чым прычына і калі ды як можа спрацаваць гэтая бомба замаруджанага дзеяння?

Прадаем больш, з зарабляем меней. Як паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт, сёлета прыбыткі прадпрыемстваў знізіліся амаль у два разы, у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага году.

Адмыслоўцы тлумачаць: часткова, гэта – вынік бухгалтарскага штукарства мінулых гадоў. У прыватнасці, шмат якія прадпрыемствы не запісалі сабе страты ад дэвальвацыі 2015-га году, калі ўжо замоўленыя імпартаваныя запчасткі рэзка падаражэлі, а прыбыткі ад рэалізацыі на ўнутраным рынку, наадварот, скараціліся.

«Закрэдытаванасць рэальнага сектара расце. Крый вас божа ад таго, каб нават думаць перакласці гэта на бюджэт. А то я часта стаў чуць размовы аб фіскальных рызыках. Калі вы гэта мяне так рыхтуеце да таго, каб за кошт лекараў і настаўнікаў аплаціць безгаспадарлівасць прадпрыемстваў, то лепш цяпер скажыце наўпрост пра гэта і ідзіце дадому адпачываць», – заяўляў Аляксандр Лукашэнка.

Штопраўда, зроблена, у выніку, было акурат тое, супраць чаго Лукашэнка асцерагаў урадоўцаў. Але захады гэтыя былі засакрэчаныя пад графой «для службовага карыстання». Фінансавы партал «Банкі 24», паводле свайго аналізу артыкулаў бюджэту, ацаніў аб’ём чарговых дзяржаўных субсідыяў, запланаваных на сёлета, прыблізна на $ 400 млн. Гэта – толькі крыху менш, чым увесь сёлетні рэспубліканскі бюджэт на ахову здароўя ці на адукацыю. Адрасаты субсідыяў не ўказваюцца, але летась сярод найбольш стратных прадпрыемстваў былі такія заводы як МАЗ ці прадпрыемствы цэментнай прамысловасці, на мадэрнізацыю якіх, перад гэтым было змарнавана больш за мільярд долараў.

Пры гэтым, адмыслоўцы адзначаюць, што асноўны фінансавы цяжар для прадпрыемстваў гэта – выплаты ўзятых раней крэдытаў і адсоткаў ад іх. То бок, умоўна кажучы, калі прабачыць ім гэтыя крэдыты і дазволіць працаваць з чыстага аркуша, некаторы час яны б былі прыбытковымі. Але, на думку апытаных намі адмыслоўцаў, доўга гэта не ўтрымалася б з дзвюх прычынаў. Па-першае, запаволенне глабальнай эканомікі, якое мае пачацца ў найбліжэйшыя гады, пагражае зноў паглынуць сціплыя прыбыткі гэтых прадпрыемстваў. Па-другое, шмат якія з іх не запісваюць сабе ў страты знос абсталявання. То бок, праз некалькі год, калі настане час яго замяняць, дзяржаўныя заводы, як і пяць гадоў таму, стануць перад выбарам – спыніць вытворчасць або зноў залезці ў безнадзейныя пазыкі.

Станіслаў Івашкевіч, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы да відэа Sergei Malgavko/TASS/ Forum