Аб'ектыў 10.12.2016 Беларускія вяскоўцы пра «Белсат»: Не дай Бог, каб яго закрылі!


У наш дзявяты дзень народзінаў словы віншаванняў і падзякі ўсцяж прыходзяць на адрас «Белсату» ад нашых гледачоў. Вось жыхары Бярозаўскага раёну Берасцейшчыны цвердзяць, што толькі з дапамогаю незалежнага тэлеканалу здолелі абараніць уласныя гаспадаркі ў часе афрыканскае чумы, калі ўлады хацелі знішчыць усіх свінняў з прыватных падворкаў.

АНАТОЛЬ САХАРУША, ЖЫХАР ВЁСКІ МАЛЕЧ:
«Не дай Бог, каб яго закрылі! Я б гэтага не хацеў. Бо Беларускае тэлебачанне ў мяне не ідзе, я яго гадоў дваццаць не гляджу – і я ж застануся без тэлебачання! То я хацеў бы пажадаць, каб «Белсат» быў хаця б да таго часу, пакуль я буду!»

МІКОЛА ВЕЛЯСЕВІЧ, ЖЫХАР ВЁСКІ ЛУКОМЕР:
«Такі канал, што разбіраецца з нашымі праблемамі ў асноўным! Такімі, што не можна дабіцца ў нашай улады».

СВЯТЛАНА ВЕЛЯСЕВІЧ, ЖЫХАРКА ВЁСКІ ЛУКОМЕР:
«Росквіту! Не забывайце пра нас! Я спадзяюся, большасць беларусаў у найбліжэйшай будучыні будуць яго глядзець!»

ВАЛЕР БІЛІБУХА, ЖЫХАР ВЁСКІ КАБАКІ:
«Трэба, каб «Белсат» ішоў не падпольна, а каб яго рэкламавалі дзяржаўныя ды кабельныя тэлеканалы, а не па спадарожнікавай талерцы! Каб людзям даносіць самую сутнасць, праўду пра праблемы людскія, а не тое, што нам паказваюць, нібы мы жывем у шакаладзе!»

А вось на Глыбоччыне з дапамогаю сюжэтаў «Белсату» мясцовыя жыхары здолелі адстаяць дарогу, якую ў звязку з афрыканскаю чумой улады папросту закрылі.

УЛАДЗІМІР ТУПЕКА, ЖЫХАР ВЁСКІ ДЗЕРКАЎШЧЫНА:
«Нам шмат давялося змагацца пры дапамозе «Белсату» з гэтаю дарогаю. Не адзін раз яны прыязджалі яшчэ тады, як усё перакапана было, катакомбы цэлыя, пяску насыпана ды слупы ўкапаныя, каб нельга было праехаць!»

Словы падзякі гэтымі днямі даходзяць да нас і з Піншчыны.

МІКОЛА КАЧАНОЎСКІ, ЖЫХАР ВЁСКІ КАЧАНОВІЧЫ:
«Я хачу падзякаваць «Белсату» за іх фільмы, што яны здымаюць пра нашую вёску, за тое, што яна пачала адраджацца: шмат хто цяпер едзе сюды, засвойвае закінутыя сядзібы, даводзіць тут усё да ладу – і таму нашая вёска нават улучаная ў міжнародны турыстычны маршрут, які будуць наведваць ужо з наступнага года вельмі шмат турыстаў з усяго свету!»

У Карэліцкім раёне мы звярталі ўвагу на гаротную сітуацыю, у якой апынуліся жыхары аварыйнага дому. З дапамогаю ж «Белсату» людзі пазбыліся не толькі дзіраў у даху, але і страху гаварыць пра ўласныя праблемы.

НАТАЛЛЯ МАЦЯЮК, ЖЫХАРКА ВЁСКІ МАЛЮШЫЧЫ:
«Дзякуй прэсе, што мы звярнуліся і яны гэтак дапамаглі аператыўна! І зрэагавалі ўсе начальнікі! Дарагія людзі, звяртайцеся ў прэсу, нікога і нічога не бойцеся! Мы таксама людзі і хочам жыць! І нашыя дзеці таксама хочуць жыць!»

Зрэшты, праблемы з жытлом ёсць нават у сталіцы. Жыхары ўжо знакамітага «дому з расцяжкаю» нумар 109 на праспекце Незалежнасці гадамі змагаліся супраць незаконнае надбудовы ажно на тры паверхі пад выглядам капітальнага рамонту. На дапамогу людзям зноўку прыйшоў наш тэлеканал. І ўлады адступілі.

НАТАЛЛЯ ЕРМАЛОВІЧ, ЖЫХАРКА МЕНСКУ:
«Дзякуй «Белсату»! Вось «Белсат» здолеў у комплексе гэтую праблему разгледзець. І перыядычна рэпартажы стваралі пра тое, як у нас ідуць справы – то бок не кінуў нас на водкуп лёсу!»

А вось каваль з Барысаўскага раёну Алесь Панцялей распавёў нам, як у часе адной акцыі, у якой ён таксама браў удзел, знайшліся грошы на аднаўленне нашае гістарычнае спадчыны.

АЛЕСЬ ПАНЦЯЛЕЙ, ЖЫХАР ВЁСКІ ДУДЗІНКА:
«Было прыбіранне на старажытных родавых могілках Ваньковічаў. Быў зняты рэпартаж на «Белсаце», каторы ўбачыў аддзел культуры польскай амбасады, яны зацікавіліся гэтымі могілкамі».

Акрамя ж праблемаў уласных, безумоўна, мы закранаем і агульныя нацыянальныя тэмы, аднолькава важныя для нашых гледачоў у розных кутках нашае Бацькаўшчыны ды па-за яе межамі.

СЦЕПАНІДА ЛУПАЧ, ЖЫХАРКА ВЁСКІ ЗАВАРАТЫ, ГЛЫБОЧЧЫНА:
«Больш праўды, можа, на «Белсаце». Тут па-беларуску ўсё. І, хто яго ведае, можа, тут болей праўды!»

ВІКТАР БОЛДЗІН, ЖЫХАР МАГІЛЁВА:
«Калі б не «Белсат», мы б не ведалі, якія праблемы на Астравецкай атамнай электрастанцыі. Калі б не «Белсат», мы б не ведалі меркаванняў многіх палітолагаў, эканамістаў. Урэшце, мы б не ведалі нават, дзе грошы захоўваць, у якой валюце! Ну а нам жа патрэбная гэтая інфармацыя! Гэта ўсё мы атрымліваем ад «Белсату»!»

Гэткія словы і шчаслівыя развязанні праблемаў нашых гледачоў – найлепшая ўзнагарода для нас, белсатаўцаў! Дзякуем вам, спадарства за вашую ўвагу і давер, а таксама за тое, што ўсе гэтыя гады вы разам з намі!

Валер Руселік, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары