Беларускія СМІ ўзначаляць зіц-старшыні?


Цэнзура ў інтэрнэце пашырыцца, жыхары рэгіёнаў пазбавяцца рэдкай магчымасці распавесці пра набалелае, а рэдакцыі сайтаў узначаляць падстаўныя асобы. Магчымыя наступствы запрапанаваных урадам паправак у Закон аб СМІ на круглым стале ў Менску абмеркавалі незалежныя журналісты.

Да такіх трагікамічных вынікаў можа прывесці заканадаўчая ініцыятыва ўраду. Каб асвятляць масавыя акцыі ды афіцыйныя мерапрыемствы, сайты будуць вымушаныя выконваць патрабаванні класічных медыяў: зарэгістравацца як юрыдычныя асобы, арандаваць офіс і мець «дасведчанага» галоўнага рэдактара.

«Нават у такіх выданнях, як «TUT.BY» і «Onliner», тыя людзі, якія кіруюць рэдакцыямі, атрымліваецца, не маюць права іх узначальваць. Яны не маюць пяцігадовага стажу кіраўніцтва рэдакцыяй. Таму ўжо жартуюць, што будуць запрашаць з дзяржаўных медыяў тых адстаўленых нядаўна кіраўнікоў газетаў, каб яны былі зіцстаршынямі», – кажа медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі.

Прадстаўнікі ўладаў заяўляюць, што папраўкі ў Закон дапамогуць змагацца з «пагрозамі для інфармацыйнай бяспекі грамадства і дзяржавы».

«Прыйшоў час паставіць усе рэсурсы, якія распаўсюджваюць інфармацыю, у адно прававое поле», – заявіла прадстаўнік камісіі Савету Рэспублікі па заканадаўстве Галіна Мельнікава.

Насамрэч, кажуць журналісты, урад хоча дыскрымінаваць інтэрнэт-СМІ. У адрозненне ад газеты ці радыёстанцыі, Міністэрства інфармацыі зможа закрыць любы сайт без суда.

«Больш за тое, не прадугледжваецца магчымасці судовага абскарджання тых рашэнняў, якія можа прымаць Міністэрства інфармацыі па блакаванні сеткавых выданняў», – кажа Андрэй Бастунец.

Мацней за ўсё папраўкі ў Закон аб СМІ абмяжуюць працу невялікіх рэгіянальных інтэрнэт-выданняў. Улады намагаюцца не даць звычайнаму чалавеку выказаць сваё абурэнне – лічаць некаторыя эксперты.

«Ён жыве ў тых умовах, калі яго праца абмежаваная кантрактам, у невялічкім раёне кіраўніцтва трымае чалавека ў кулаку. Таму яму вельмі цяжка зарэгістравацца і ў адкрытую сказаць, хто ён такі – нават калі ў яго выказваннях не будзе нічога абразлівага. Гэта заўсёды можа адбіцца на яго працы, і ён можа лёгка пазбавіцца працоўнага месца», – тлумачыць Уладзімір Янукевіч (выдавецкі дом «Інтэкс-прэс», Баранавічы).

Беларуская асацыяцыя журналістаў накіравала свае рэкамендацыі ў Палату прадстаўнікоў. Журналісты спадзяюцца, што ім удасца выкрасліць самыя адыёзныя прапановы ўраду. Дэпутаты разгледзяць змены ў Закон ужо на наступным тыдні.

Аляксандр Папко, «Белсат»