Беларускія працаўнікі з'язджаюць у Польшчу


Не толькі на ўсход, але і на Захад. Беларусы ўсё часцей едуць на заробкі ў суседнюю Польшчу.

Усяго за тры гады працоўная міграцыя з Беларусі ў гэтую краіну вырасла ажно ў 10 разоў. Дзе працуюць нашыя суайчыннікі ды чаму яны масава паехалі за Буг?

Аўтавакзал Варшава Заходняя – менавіта ён становіцца брамай у Польшчу для дзясяткаў тысячаў працаўнікоў з постсавецкіх краінаў. Пераважна гэта ўкраінцы. Але беларусаў прыязджае ўсё больш.

За шэсць месяцаў гэтага году Польшча выдала беларусам больш за 200 тысячаў візаў. З іх кожная дзясятая выдадзеная з працоўнымі мэтамі.

«Большасць афармляе «Карту паляка», каб не мець праблемаў з працаўладкаваннем. Але і без гэтага дакументу беларусаў вельмі ахвотна бяруць на польскія прадпрыемствы і да прадпрымальнікаў таксама», – кажа Уладзімір Кобец з Беларускага дому ў Варшаве.

Аднак найлепш працоўную міграцыю адлюстроўвае колькасць заяваў аб намеры ўладкаваць на працу замежніка. Гэты дакумент польскія фірмы абавязаныя высылаць у міністэрства працы і памежныя службы.

За апошнія тры гады польскія прадпрыемствы сталі наймаць беларусаў у 10 разоў часцей:

2014 – 4,02 тыс.

2015 – 5,6 тыс.

2016 – 23 тыс.

2017 – 58 тыс.

Беларусы працуюць ужо ў кожнай дзясятай буйной польскай фірме. Яны зарэкамендавалі сябе настолькі добра, што некаторыя шукаюць менавіта беларусаў.

«Сярод беларусаў, несумненна, больш кваліфікаваных працаўнікоў. Гэта людзі, якія маюць досвед і хочуць больш зарабляць – бо ўмеюць больш за іншых», – адзначае Томаш Будзыньскі з фірмы «Pracownicy.info».

Статыстыка сведчыць, што тыповы беларускі працаўнік у Польшчы – гэта мужчына ва ўзросце ад 26 да 40 гадоў, будаўнік, кіроўца альбо офісны працаўнік.

Сферы, у якіх працуюць беларусы ў Польшчы:

Паслугі для бізнесу – 32%

Будаўніцтва – 27%

Транспарт – 15%

Прамысловасць – 13%

«Паколькі Польшча, як і Варшава, будуецца вельмі высокімі тэмпамі, то на будове цяпер самыя актуальныя вакансіі і самы вялікі попыт. І самы вялікі заробак, натуральна, у гэтай сферы», – заўважае Эдуард Пяркоўскі з фірмы «Pracownicy.info».

Як кажуць эксперты, найчасцей на сезонныя працы ў Польшчу едуць жыхары Гарадзеншчыны і Берасцейшчыны. У апошнія гады заробкі ў шматлікіх рэгіёнах упалі да $ 150-200. У суседняй краіне беларусы могуць разлічваць на суму, мінімум у чатыры разы большую.

Як кажуць эксперты, расце ня толькі сезонная працоўная міграцыя. Назіраецца ўцечка мазгоў і прадпрымальніцкага таленту. Усё больш беларусаў зачыняе свае малыя фірмы на Радзіме і разам з семʼямі пераязджае ў Польшчу – не на нейкі час, а назаўсёды.

Аляксандр Папко, belsat.eu