Беларускія гімназіі зробяць звычайнымі школамі


Некалькі дзён таму падчас Рэспубліканскай педагагічнай нарады гучалі самыя розныя прапановы для рэфармавання сістэмы адукацыі. Са свайго боку кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка публічна запэўніў, што ён «катэгарычна супраць нейкай ломкі, нават рэфармавання, у поўным сэнсе гэтага слова, сістэмы адукацыі».

У сістэме адукацыі ўсё ж такі можа пачацца ломка

Гэта стала зразумела, калі новыя планы адказнага за навучанне ведамства агучыў яго кіраўнік Ігар Карпенка. Не выключана, што ў хуткім часе беларускія гімназіі зробяцца звычайнымі школамі з агульнымі стандартамі. Павышаны ўзровень ведаў прадугледжаны толькі ў 10-м і 11-м класе. Заява чыноўніка выклікала неадназначныя рэакцыі.

Паводле ж міністра адукацыі, уступныя іспыты ў 5-ы клас – гэта лішні стрэс для дзяцей, а паступленне ў гімназію ў малым узросце – хутчэй амбіцыі бацькоў. Што датычыць здольных вучняў, то права на іх маюць і агульнаадукацыйныя школы. Інакш лічаць эксперты.

«Ну што такое стрэс? Кожны экзамен гэта стрэс. Давайце ўвогуле дзяцей пазбавім стрэсу, і тады яны ў рэальным жыцці атрымаюць такі стрэс, што мала не падасца», – абураецца заснавальнік беларускага гуманітарнага ліцэю Уладзімір Колас.

Планаваныя змены ўхваліў Аляксандр Лукашэнка

Гэта не адзінае новаўвядзенне, якое ў хуткім часе можа чакаць сістэму адукацыі. Падчас Рэспубліканскай педагагічнай нарады кіраўнік краіны, між іншага, казаў пра неабходнасць скараціць тэрмін атрымання вышэйшай адукацыі да трох гадоў. Маўляў, праз паўдзесяцігоддзя ў ВНУ рабіць няма чаго. Без аптымізму да планаў дзяржавы прыглядаюцца эксперты.

«Напэўна гэта выклікана праблемамі бюджэту, праблемамі недахопу сродкаў на адукацыю. Таму трэба скараціць колькасць гадзінаў, каб хоць такім чынам залатаць нейкую дзірку ў бюджэце. Але страты для бюджэту будуць нашмат большыя», – упэўнены спадар Колас.

Паводле часткі адмыслоўцаў, беларуская адукацыя даўно перабывае ў сістэмным крызісе. Адна з прычынаў – вернасць савецкім прынцыпам. Такая мадэль у сучасным свеце канкурэнцыі вытрымаць не можа.

Ян Бабіцкі, «Белсат», фота: Michal Luczak / Anzenberger Agency / Forum