Беларускі рэжым зноў чакаюць санкцыі Еўразвязу?


Рада Беларускага нацыянальнага кангрэсу звярнулася да міжнароднай супольнасці і еўрапейскіх чыноўнікаў з заклікам.

«Вярнуць візавыя абмежаванні ў дачыненні суддзяў, якія выносілі палітычна матываваныя незаконныя прысуды за ўдзел у мірных акцыях пратэсту. Відавочна, што іх адмена развязала рукі беларускаму рэжыму для ціску на грамадзянаў краіны», – зазначыла ў сваёй заяве БНК.

Напярэдадні Някляева пасадзілі за выступ на «Белсаце»

«Мэта ўлады, канкрэтна тых людзей, якія сёння паразітуюць на Беларусі, проста звесці на «не» супраціў. Тады яны будуць выглядаць у шакаладзе. Як толькі скончацца вулічныя акцыі, тады якая сітуацыя? Ну, поўны стабілізец», – сказаў Някляеў перад тым, як атрымаць 10 содняў арышту.

БНК звяртае ўвагу на мірны характар акцыяў «За мірную Беларусь!» і «Марш абураных беларусаў 2.0», якія адбыліся нядаўна. Нягледзячы на гэта, затрымалі дзясяткі актывістаў і прысудзілі ім штрафы і содні.

Меркаванні ў Еўразвязе падзяліліся

Дзеля падтрымання беларускіх апазіцыянераў выступіў еўрадэпутат ад Літвы Пятрас Аўштравічус. «Лукашэнка накіроўваецца ў Брусель. У той жа час Мікола Статкевіч, Наталля Папкова накіроўваюцца ў турму, супраць Уладзіміра Някляева вядзецца справа»,–напісаў ён у Тўітэры.

Адначасова, кіраўніца прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі Андрэа Віктарын лічыць, што цяпер не адпаведны час уводзіць санкцыі. «Калі мы не будзем размаўляць, мы не зможам змяніць сітуацыю», – заявіла дыпламат.

Замова на змену сітуацыі ў Беларусі мусіць зыходзіць ад грамадства

«Любыя змены перш за ўсё павінны грунтавацца на ўнутранай дынаміцы. Узняцце пытанняў непавагі да правоў чалавека, абмежавання асноўных свабодаў павінна ісці ўвесь час. Але, у той жа час, вельмі важна, каб ідэі дэмакратыі, ідэі свабоды захапілі большасць беларусаў і мы былі гатовыя самыя абараняць гэтыя правы», – упэўнены палітолаг Алесь Лагвінец.

Пакуль жа не падобна, што ў гэтым кантэксце можна казаць пра большасць. Напрыклад, калі ў 1996-ым годзе ў несанкцыянаваным уладамі маршы на Дзень Волі ўзялі ўдзел да 40 тысячаў чалавек, то сёлета – некалькі тысячаў. Праўда, непараўнальныя і маштабы рэпрэсіяў. 21 год таму затрыманых было каля 13-ці. У сакавіку сёлета – больш за 700.

Лола Бурыева, «Белсат», фота: Lazarenko Nikolai Credit / ITAR-TASS / Forum