Аб'ектыў 13.01.2018 Беларускі – на 13-м месцы ў эстафеце на этапе Кубка свету па біятлоне


Фрыстайл

Чарговы этап Кубка свету па фрыстайле – і чарговы медаль у нашага лыжнага акрабата. Працягвае скараць п’едэсталы спаборніцтваў наш Антон Кушнір, які гэтым разам стаўся ўладальнікам бронзавага медаля.

У амерыканскім Дыр-Вэлі алімпійскі чэмпіён Сочы за свой скачок у фінале атрымаў адзнаку ад суддзяў 124,78 балу, і гэтая сума вывела Антона на трэцюю пазіцыю. Перамог тут расяянін Максім Бураў, срэбра дасталася спартоўцу з Паднябеснай Ці Гуан Пу. У фінал прабіўся і наш Максім Гусцік, які заняў выніковы пяты радок. У спаборніцтвах прыгожае паловы першынствавала кітаянка Сюй Мэн Таў. У фінал з беларусак трапіла толькі Ганна Гуськова, якая размясцілася таксама на пятым радку, Ала Цупер – 16-ая, Аляксандра Раманоўская – 19-ая. Наступны этап Кубка свету па фрыстайле пройдзе таксама ў Злучаных Штатах Амерыкі, але ў Лэйк-Плэйсідзе, 19-га студзеня.

Баскетбол

Сталічныя баскетбольныя «Цмокі» зазнаюць чарговую паразу ў межах гульняў Адзінай лігі ВТБ. Сёння на сваім паркеце мы прымалі краснаярскі «Енісей», якому саступілі 74:88. Беларускі нападнік гасцей Віталь Лютыч, на рахунку якога ў сустрэчы 11 балаў, застаўся задаволены з прыезду на радзіму і, безумоўна, з перамогі сваёй каманды.

Пачатак сустрэчы застаўся за калектывам Круцікава, які пасля першай чвэрці вёў у ліку – 21:19, аднак на вялікі перапынак каманды пайшлі ўжо пры лічбах на табло 48:37 на карысць гасцей. Далей «Енісей» нарасціў сваю перавагу нават да 17-ці балаў, а дагнаць суперніка «Цмокі» ужо не здолелі. У нашым складзе самым выніковым стаўся амерыканскі легіянер Дэвон Садлер, у актыве якога 19 балаў, тры падборы ды 7 асістэнцкіх пасоў. У турнірнай табліцы банкаўскага турніру беларускі клуб – на сёмым радку, «Енісей» месціцца на 11-ым, а лідаруе маскоўскі ЦСКА. Наступны двубой «Цмокі» правядуць ужо ў Кубку Еўропы ФІБА 17-га студзеня на выездзе супраць чарнагорскага «Морнару».

Біятлон

Жаночая эстафета на чарговым этапе Кубка свету па біятлоне ў нямецкім Рупальдынзе не прынесла станоўчых эмоцыяў беларускім заўзятарам. Наш квартэт у складзе Надзеі Скардзіны, Ірыны Крыўко, Надзеі Пісаравай і Дар’і Домрачавай заняў толькі 13-ты радок з адставаннем ад лідарак, каманды Нямеччыны, 3 хвіліны і 13 секундаў. Адзначу, што Пісарава ў свой пасіў занесла ажно тры штрафныя колы, таксама мы скарысталіся з дзевяці дадатковых патронаў. Другі радок у зборнай Італіі, замкнула тройку Швецыя. Заўтра этап у Рупальдынзе скончыцца дзвюма гонкамі з масавага старту.

Фотаздымак на застаўцы да відэа «РИА Новости»

Глядзі таксама
Каментары